Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск – два дні без вады


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск 70-тысячны горад Сьветлагорск двое сутак заставаўся без цэнтралізаванага забесьпячэньня вадой.

За апошнія паўгоду сьветлагорцы перажываюць ужо другое буйнамаштабнае адключэньне пітной вады. Людзі зноў былі вымушаны шукаць ваду ў калёнках, у калодзежах прыватных дамоў.

Першы раз гэтак было ў чэрвені — тады вада ў шматпавярховыя дамы не падавалася больш за паўтыдня з прычыны буйной аварыі на гарадзкім калектары бытавых сьцёкаў.

Гэтым разам, як паведаміў начальнік цэху водазабесьпячэньня жыльлёва-камунальнага прадпрыемства “Сьветач” Анатоль Марсялееў, аварыя здарылася на асноўным вадаводзе. Прычым, прарыў вадаводу адбыўся пад апорай высакавольтнай электралініі. Хто і чаму так праектаваў электралінію ды вадавод, спадар Марсялееў ня ведае. Аднак, каб распачынаць рамонт, давялося спачатку пераносіць электраапору. Гарадзкому вадаводу ўжо сорак гадоў, ён даўно мае быць заменены.

(Абаранак: ) “Самы галоўны наш напорны водны калектар, адзіная наша апошняя нітачка — яна рвецца на кожным мэтры. Грошы на наступны год нібыта выдзелены, праект ёсьць. Чакаем наступнага году, каб хутчэй замяніць. Дасьць бог, пасьпеем, дачакаемся. Там ужо дзірка на дзірцы”, — апавёў дырэктар камунальнага прадпрыемства “Сьветач” Анатоль Абаранак.

Гараджане тым часам скардзяцца ня толькі на перабоі ў забесьпячэньні халоднай ды гарачай вадой, але і на яе якасьць. Распавядае жыхар мікрараёну “Маладзёжны” Тэльман Масьлюкоў:

(Масьлюкоў: ) “Вада часта ідзе ня чыстая, а ржавая. Хаця ў мінулым годзе і запусьцілі станцыю абезжалезьваньня вады, але трэба спусьціць не адно вядро, каб іржа сышла. Натуральна, варта было прадугледзець, што вадавод зносіцца, што неабходная пабудова новай ніткі. Людзі ў горадзе зьдзіўляюцца, чаму гэта ня робіцца. На што ідуць грошы, ніхто ня ведае. Многія мяркуюць, што яны кожны раз ідуць на чарговыя выбары прэзыдэнта”.

Тым часам мясцовы райвыканкам спраўна даў справаздачу, што выканаў усе заданьні ўкараненьня ў горадзе дзяржаўных сацыяльна-побытавых стандартаў — і ў водазабесьпячэньні.
XS
SM
MD
LG