Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палата прадстаўнікоў амаль не карыстаецца правам заканадаўчай ініцыятывы


Уладзімер Глод, Менск Гэтае пытаньне нечакана ўзьнікла 23 лістапада, калі дэпутаты абмяркоўвалі папраўкі да Крымінальнага кодэксу, якія падрыхтаваў іх калега Віктар Кучынскі. Падчас дыскусіі Вольга Абрамава задала дэпутацкаму корпусу, як яна сама выказалася, рытарычнае пытаньне: “Навошта таптаць закон, калі ён уносіцца не выканаўчай уладай?”

Віктар Кучынскі, які зьяўляецца нязьменным дэпутатам парлямэнту з 1990 году, прапаноўваў абмежаваць паўнамоцтвы дзяржаўных кантралёраў. На яго думку, яны нярэдка выходзяць за межы сваёй кампэтэнцыі: прыпыняюць дзейнасьць прадпрыемстваў (пераважна прыватных), блякуюць рахункі, наносяць фірмам вялікія страты. Менавіта таму дзясяткі бізнэсоўцаў пакідаюць Беларусь, вывозяць свае грошы ў Расею, Балтыю. А ў гэты час кантралёры не нясуць асабістай адказнасьці за свае рашэньні, нават за памылковыя.

Аднак у заключэньнях на папраўкі спадара Кучынскага, якія паступілі з Адміністрацыі прэзыдэнта, Вярхоўнага Суду ды шэрагу іншых установаў, адзначалася, што ў іх няма патрэбы — маўляў, гэта будзе залішняя дэталізацыя Крымінальнага кодэксу. Віктар Кучынскі з такой ацэнкай не пагадзіўся і растлумачыў гэта:

(Кучынскі: ) “Я ўпэўнены сёньня на 100%: калі б Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка цяпер падтрымаў гэты законапраект і яго ўнёс, дык усе тыя, хто давалі адмоўнае заключэньне на маю папраўку, яны б аўтаматычна дружна напісалі, што гэта так”.

Старшыня профільнай дэпутацкай камісіі генэрал міліцыі Анатоль Белашэўскі зачытаў заключэньні тых самых экспэртаў, якіх цытаваў Віктар Кучынскі і заклікаў дэпутатаў адхіліць прапановы, тады спадарыня Абрамава і задала яму сваё рытарычнае, але, як яна ж сама і адзначыла, адначасова і прынцыповае пытаньне:

(Абрамава: ) “Як вы самі ацэньваеце такую практыку, калі дэпутат альбо група дэпутатаў уносяць свой законапраект, дык яго патрэбна адразу таптаць, толькі таму, што яго ўносіць не выканаўчая ўлада, а дэпутаты? Я буду, напрыклад, галасаваць за прапанову Кучынскага менавіта з гэтай прычыны. Таму што гэта прапанова, якую ўнёс дэпутат”.

Пакуль дэпутаты працягвалі дыскусію, журналісты ў прэсавым цэнтры пачалі лічыць: сёньня зь сямі законапраектаў шэсьць былі ад выканаўчай улады. На мінулым паседжаньні разглядалася восем дакумэнтаў, і ўсе яны ініцыяваліся альбо прэзыдэнтам, альбо ўрадам. З амаль паўсотні законапраектаў, якія ўжо разгледзелі на восеньскай сэсіі, толькі тры прапаноўвалі дэпутаты, дый тое з гэтых трох адзін фактычна застаўся ад Палаты мінулага скліканьня.

Станіслаў Шушкевіч, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьня, гаворыць, што ў той час быў зусім іншы падыход да заканадаўчай дзейнасьці:

(Шушкевіч: ) “Усе справы, якія ішлі па бюджэце, яны прапаноўваліся ўрадам. Яны ўносіліся ў парлямэнцкія камісіі спачатку. Усе астатнія прапановы ішлі ад камісіяў Вярхоўнага Савету. Мы складалі адпаведны плян разгляду пытаньняў і па ім працавалі. І ў нас быў інстытут, які працаваў разам з дэпутатамі над гэтымі праблемамі. Але ж яшчэ раз падкрэсьлю: што да бюджэту, што да зьменаў у мясцовае кіраваньне, тое, што было падпарадкаванае Кебічу, там прапановы ішлі ад ураду. Усе астатнія — ад камісіяў Вярхоўнага Савету. Гэта была зусім іншая прапорцыя”.

Што тычыцца вынікаў галасаваньня, дык за прапанову Віктара Кучынскага прагаласавалі 20 дэпутатаў, супраць — 56.
XS
SM
MD
LG