Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэская фірма стала генэральным спонсарам беларускіх алімпійцаў


Радыё Свабода Чэская фірма "Chemoprojekt" стала генэральным спонсарам алімпійскай каманды. Але не чэскай, а беларускай. Пра гэта піша чэская газэта "Mladá Fronta DNES" 22 лістапада.

"Магу пацьвердзіць, што мы беларускаму алімпійскаму камітэту выдзелілі 50 тысяч даляраў на падрыхтоўку спартоўцаў гэтай краіны да наступных алімпійскіх гульняў. Далейшае супрацоўніцтва абмяркоўваецца," – пацьвердзіла інфармацыю Натальля Манасава, маркетынгавая мэнэджэрка фірмы "Chemoprojekt" у спартовай галіне.

Паводле рускага інфармацыйнага агенцтва "Regnum", дамова паміж двума бакамі шырэйшая і разьлічаная на чатырохгадовую працу, калі "Chemoprojekt" меў бы пералічыць камітэту, старшынём якога стаў аўтарытарны кіраўнік Аляксандар Лукашэнка, агульную суму 400 тысяч даляраў, што ў пераліку амаль 10 мільёнаў крон.

“Мы зацікаўленыя ў тым, каб ўмацавацца на беларускім рынку, а гэтае супрацоўніцтва нам дапаможа стаць больш прыкметнымі”, сказала Натальля Манасава.

Гэта пацьвердзіў і віцэ-прэзыдэнт беларускага Алімпійскага камітэту Генадзь Аляксеенка. "Супрацоўніцтва выгаднае для абодвух бакоў. Фірма "Chemoprojekt" можа так набыць вядомасьць ня толькі дзякуючы спартовым перамогам, але таксама на беларускім рынку, " – цытуе яго словы агенцтва "Regnum".

На пытаньне, ці не скампрамэтуе сябе гэтым спонсарствам фірма, Манасава адказала: “Гаворка тут пра спорт. Я мушу ў гэтым пытаньні прытрымлівацца нэўтральнай пазыцыі”.

"Chemoprojekt" – праектна-інжынэрская фірма, якая працуе ў галіне хімічнай вытворчасьці. Паводле інфармацыі з афіцыйнага вэбсайту кампаніі, яны ўдзельнічалі ў праектах Наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу. Паводле Манасавай, раней фірма таксама падтрымлівала чэскі спорт, спансаравала футбольныя каманды ў турнірах ніжэйшага рангу, юніёраў па тэнісе. Калі б "Chemoprojekt" хацеў стаць генэральным партнэрам чэскай алімпійскай каманды, што Манасава не адкідае, фірма мусіць выкласьці з кішэні значна большыя сумы.
XS
SM
MD
LG