Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка: “Мне да пэнсіі яшчэ дзесяць гадоў”


Ігар Карней, Менск Сёньня А.Лукашэнка трэці раз за апошнія тры гады сустракаўся з прадстаўнікамі расейскіх рэгіянальных і сталічных СМІ. Назіральнікі адзначаюць, што падобнай увагай нават беларускіх журналістаў кіраўнік краіны ня цешыць. Пра што гаварыў беларускі лідэр і запрошаныя на прэсавую канфэрэнцыю расейцы?

Вострых і злабадзённых пытаньняў не ставала, беларускі лідэр сам жа акрэсьліваў тэмы і заглыбляўся ў іх: НАТО ля межаў гэтак званай саюзнай дзяржавы, мізэрнасьць шанцаў “прадажнай апазыцыі” на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах, “адсутнасьць” цэнзуры і ўціску на незалежную прэсу. Дарэчы, на апазыцыю Лукашэнка перакінуўся ўжо на сёмай хвіліне свайго выступу, напужаўшы гасьцей, што да ўлады імкнуцца тыя самыя нацыяналісты, якія напачатку 1990-х гатовыя былі гнаць расейцаў з “роднай” ім краіны.

(Лукашэнка: ) “Калі нацыяналісты на чале з Шушкевічам прыйшлі да ўлады — частку ўлады захапілі заканадаўча, бо Вярхоўны Савет усім кіраваў і ўрад прызначаў — яны, нацыяналісты, усё пад сябе падмялі. Тады расейцаў, расейскіх людзей на чамаданы былі пасадзілі цягам некалькіх сутак. Яны цяпер хочуць зноў вярнуцца да ўлады, і расейцам трэба памятаць, як яны сядзелі тут на чамаданах. Вось быў бы цуд, каб са сваёй фактычна краіны вам давялося б зьяжджаць, як зь іншых вядомых рэспублікаў Савецкага Саюзу”.

Заявіўшы, што на сёньня ў яго падтрымка прынамсі 75% электарату, а таму нават у тэорыі разважаць пра нейкія рэвалюцыі ў Беларусі не выпадае, Аляксандар Лукашэнка акцэнтаваўся на тэме так званага саюзнага будаўніцтва. Адказнасьць за непрыняты Канстытуцыйны акт пераадрасаваў на Крэмль: маўляў, кожны з бакоў будуе розныя мадэлі саюзнай дзяржавы.

(Лукашэнка: ) “Лукашэнка — за саюз паводле СССР, а Пуцін — за саюз на прынцыпах Эўрапейскага Зьвязу. Але навошта нам капіяваць Эўразьвяз і іх досьвед, калі мы жылі ў адной дзяржаве, і ў нас досьведу больш? Давайце на падставе той практыкі, таго вопыту будаваць нашу саюзную дзяржаву. Не — давайце на прынцыпах Эўразьвязу. І паколькі ў нас рашэньне кансэнсусам прымаецца, я згадзіўся. Калі нельга, то давайце будзем пісаць Канстытуцыйны акт паводле Эўразьвязу і думаць, што зь ім потым рабіць”.

Ужо традыцыйна Лукашэнка абвінаваціў цэлыя краіны і асобныя міжнародныя арганізацыі ў тым, што тыя, маўляў, умешваюцца ва ўнутраныя справы Беларусі. А ў якасьці прыкладу загаварыў пра незалежную прэсу:

(Лукашэнка: ) “Ні за што сёньня прэсуюць і душаць: маўляў, задушылі ўсіх, размаўляць не даём, апазыцыйныя газэты не выходзяць. Хоць я ніколькі не сумняюся: нават тут, у шапіку адміністрацыі прэзыдэнта ці Саўміну можна набыць любую апазыцыйную газэту. Ці я памыляюся?”

(Голас памочніка: ) “Не памыляецеся…”

(Лукашэнка: ) “Ніхто ня супраць. Але я не зьбіраюся выдаваць апазыцыйныя газэты. Калі там наклад тры тысячы, дык я не зраблю, каб было трыста ці пяцьсот тысяч”.

Былы кіраўнік прававога ўпраўленьня прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Пласкавіцкі нічога новага ў выступе Лукашэнкі не пачуў. Як кажа Пласкавіцкі, ужо дзесяць гадоў Лукашэнка ладзіць падобныя шоў выключна на публіку.

(Пласкавіцкі: ) “Лукашэнка ня хоча залежаць ад некага наагул — ня толькі як прэзыдэнт, але і як асоба. Бо для яго нікога не існуе. Таму ён усіх абражаў і працягвае абражаць, уключна са сваімі самымі блізкімі саюзьнікамі. Гэта сувэрэнітэт хама, хамскі сувэрэнітэт. І яго стала яшчэ больш. Эканамічнага — значна меней. Павагі, на якую можа разьлічваць і сувэрэнная асоба, і сувэрэнная дзяржава — таксама менш”.

Сам Лукашэнка сёньня заявіў, што ня хоча, каб яго называлі дыктатарам: ён няхай і ня лепшы, але, прынамсі, і ня горшы за астатніх кіраўнікоў.

(Лукашэнка: ) “Лукашэнка ніколькі ня горшы за іншых прэзыдэнтаў. І ніякі ён не дыктатар: дубінай размахваць у цэнтры Эўропы? З аднаго боку — дэмакратычная Расея, зь іншага — супэрдэмакратычная Ўкраіна, яшчэ з аднаго — Захад… Я проста не ўяўляю, як можна тут быць дыктатарам. Так, ёсьць непрыняцьце нашай мадэлі, але сёлета яна ўжо прызнаная МВФ і Ўсясьветным банкам. І другое — гэта спроба, гэты “дурны прыклад” для іншых рэспублік аб’яднацца з Расеяй. За што мяне ўсе ня любяць і ненавідзяць: вось сучын сын Лукашэнка, ды яшчэ ня наш сучын сын”.

Адказваючы на пытаньне, кім ён бачыць сябе па-за палітыкай, Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Калі ня буду прэзыдэнтам, то і займацца нічым ня буду”. Але тут жа ўдакладніў: “Нікому перашкаджаць ня буду, аднак мне да пэнсіі яшчэ дзесяць гадоў”.
XS
SM
MD
LG