Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзісна


Зьміцер Бартосік, Дзісна (эфір 7 лістапада) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Дзісна — горад прыгожы. Прыгожы ня толькі сваім месцазнаходжаньнем, на вострым мысе, дзе зьліваюцца дзьве ракі, Дзьвіна зь Дзісною. Але перш-наперш напоўненасьцю гістарычнымі помнікамі, што цудам ацалелі ў мінулым стагодзьдзі. Валы крэпасьці Сьцяпана Батуры, касьцёл францішканцаў, дзе быў штаб паўстанцаў 1831 году, сядзіба Кастравіцкіх, тых самых, што далі Гіёма Апалінэра і Каруся Каганца. І таму я зусім не зьдзівіўся, калі першы сустрэчны мною дзісенец, саракагадовы Васіль, аказаўся знаўцам гісторыі.

(Васіль: ) “Найстарэйшы горад у Беларусі. Адсюль пачыналася Княства Літоўскае. Ён меў у свой час магдэбурскае права. У вайну ён згарэў на 98 працэнтаў, але статус гораду застаўся”.

(Карэспандэнт: ) “А вы хто па прафэсіі?”

(Васіль: ) “Інжынэр-мэханік”.

(Карэспандэнт: ) “Тут кожны інжынэр ведае гісторыю свайго гораду?”

(Васіль: ) “Кожны паважаючы сябе чалавек павінен ведаць гісторыю свайго гораду. Я лічу так”.

Са словаў Васіля, гарадзкога ў Дзісьне застаецца ўсё меней і меней. Самым зайздросным месцам працы лічыцца лінейная перасоўная дыспэтчарская станцыя. Калі казаць простымі словамі, велізарная помпа на бэнзінавым шляху з Наваполацку ў Прыбалтыку. Сярэдні заробак там 700—800 тысяч рублёў.

(Карэспандэнт: ) “Туды ўладкавацца”...

(Васіль: ) “Практычна немагчыма”.

Блукаючы па Дзісьне, я заўважыў, што ў горадзе зусім няма помніка Леніну. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі высьветлілася, што ён быў — і зьнесьлі яго ня злосныя бэнээфаўцы, а самі ўлады.

(Васіль: ) “Як здымалі, адвалілася галава. Там была фігура без каркасу, безь нічога. Кранам зачапілі яго, і галава адвалілася”.

(Карэспандэнт: ) “Дзісна засталася бязь Леніна?”

(Васіль: ) Два гады назад. У нас тут быў рэспубліканскі сэмінар, калі саджалі гэтую алею. І грыбы пад алеяй саджалі, каб культурна было. Раней помнікі Леніну падгладжвалі, падштукатурвалі, фарбавалі. А тут вуха адвалілася, палец. Ён паказваў, як звычайна, рукой, куды ісьці па гарэлку”.



Усе, мясьціны, дзе праходзіла даваенная савецка-польская мяжа, да гэтае пары захоўваюць налёт таямніцы. У Дзісьне мяжа праходзіла па сярэдзіне Дзьвіны. І ў ацалелай сьцяне Францішканскага касьцёлу да гэтае пары сядзяць тры савецкія снарады, выпушчаныя 17 верасьня 1939 году. Пра мяжу, што падзяляла два сьветы, згадвае 80-гадовая Зінаіда Казлоўская.



(Казлоўская: ) “Бывала, мама ў полі працуе, каля рэчкі, а там за Дзьвіной патрулі ходзяць. І ў нас тутака патрулі ходзяць. А нашы сядуць, беларусы адпачываць мужчыны. А там за Дзьвіной дзяўчаты працуюць. І ўсе адзеўшыся, як дзетдомаўскія. Белыя кофтачкі, чорныя спадніцы паадзяваўшы. Нашы гавораць: “Дзяўчаты, хадзіце да нас адпачываць”. А яны ні слова не адгукаюцца. Строга было. Нічога не адказвалі. А пасьля зрабілі так, што тут нікога не было. Адсялілі ўсіх”.



Адрозна ад касьцёлу, які яшчэ чакае свайго аднаўленьня, Уваскрасенская царква, пабудаваная за Мурав’ёвым-вешальнікам, стаіць, як новенькая. 10 жніўня, на фэст абраза Смаленскай Божай Маці ў Дзісьне зьбіраюцца тысячы людзей з усяго навакольля, каб памаліцца каля цудатворнага абраза. Каля царквы я сустрэў мілую бабульку з ласкавым позіркам і задаў старой адно толькі пытаньне: ці ёсьць у Дзісьне бэнээфаўцы? Адказ ад божага дзьмухаўца — яркае сьведчаньне беларускай талеранцыі.



(Старая: ) “Бэнээфаўцы! Тут прыяжджае адзін з Наваполацку. Ён бэнээфавец. Я б яго за горла ўзяла б і задушыла. Працаваў, пэнсію атрымаў — што табе яшчэ трэба? Ненавіджу гэтых бэнээфаўцаў. А Лукашэнка? Ён цяпер будзе перавыбірацца ў 2006 годзе. Мне вельмі хочацца дажыць”.

Няма такога мястэчка ці вёскі ў Беларусі, дзе ня было б свайго песьняра ці паэта. У Дзісьне гэта 90-гадовы вэтэран НКВД і МГБ Генадзь Дзямешка, які пачынаў сваю кар’еру ў пасьляваенных лясах, поўных былых паліцаяў, АКАўцаў ды іншых ворагаў савецкай улады.

(Дзямешка: ) “На маім участку адзін былы паліцай хаваўся 23 гады. І мне прыйшлося яго выцягнуць з падвалу. Ён зрабіў сабе сховішча зь печы. І ў гэтым сховішчы ён 23 гады адбыў. Адседзеў тэрмін, які ў два разы болей, чым яму суд вызначыў бы. Больш за 10 гадоў не давалі, а ён 23 адседзеў. Усякіх было цудаў”.

На разьвітаньне паэт-міліцыянт прачытаў свой новы, толькі з-пад пяра, верш:

Мне сьвятыя клічуць зь неба: “Пакінь Дзісну, жыві ў раю”. Я ў адказ: “Мне рай ня трэба. Люблю, як сын, Дзісну маю”.

Дзісна над берагам віруе. Сады аздобіла вясна. Нічога ў неба не прашу я, Зямны ёсьць рай — мая Дзісна.

Калісьці ў даваеннай Дзісьне жыло 11 тысяч жыхароў і працавала 5 мэблевых майстэрняў, 9 ганчарных, 4 цырульні, гадзіньнікавая і ювэлірная майстэрні, 3 фотамайстэрні. Пра дзень сёньняшні мы гутарым зь Пятром Баговічам, дзісенскім краязнаўцам.



(Баговіч: ) “На сёньняшні дзень мы маем тое, што мы маем скрозь — закрылі малаказавод, закрылі цагляны завод. Яшчэ тры гады назад працаваў кансэрвавы завод, на сёньняшні дзень нічога няма. Бальніца калісьці была большая — колькасьць ложкаў у бальніцы скарацілася. Камбінат бытавога абслугоўваньня працаваў, на сёньняшні дзень толькі адна цырульня засталася. Камбінат будаўнічых матэрыялаў неяк трошкі робіць, але зарплатка слабенькая. Нашы людзі за гэтую зарплату ня хочуць працаваць. А калі няма работы, дык няма і дзяцей. Ну і што ўлады робяць? Калі вы зойдзеце ў гарсавет, яны вам пакажуць праекты адраджэньня Дзісны. Я кажу: “Вы займаецеся манілаўшчынай. Мы хочам нешта зрабіць, ня ўкладваючы ніякіх сродкаў сюды”.

Да гэтай карціны трэба яшчэ дадаць крыху статыстыкі. Сёньня ў горадзе жыве дзьве з паловай тысячы чалавек. Дзяцей — 600 чалавек, зь іх дашкольнага ўзросту — 108. Акрамя таго, 125 маленькіх і ня вельмі беларусаў з усёй Віцебшчыны, жывуць і вучацца ў школе-інтэрнаце для дзяцей, чыя бацькі пазбаўленыя бацькоўства. Настаўніца ангельскай і беларускай моваў Ірына працуе ў інтэрнаце даўно і лічыць, што гены ў чалавечым лёсе — не галоўнае.

(Карэспандэнт: ) “Гены вырашаюць многае”.

(Ірына: ) “Гены вырашаюць многае, але яшчэ, канечне, вырашае і выхаваньне, і людзі, які працуюць разам з гэтымі дзецьмі. Я працавала ўсё сваё сьвядомае жыцьцё ў інтэрнаце. Што датычыць мяне, то я знаходзіла і знаходжу кантакт зь дзецьмі”.

Сама Ірына выхоўвае двух дзяцей з інтэрнату:

(Ірына: ) “Хлопчык пад апекай, дзяўчынка так, ад душы”.

У Дзісенскай мэрыі мяне вельмі прыветна сустрэла старшыня гарвыканкаму Вольга Мароз, прыгажуня-жанчына і патрыётка свайго краю. Яна ахвотна падзялілася сваімі марамі пра адраджэньне Дзісны. І мне яны не падаліся занадта манілаўскімі. Прынамсі, абраны вэктар — экалягічны турызм. На сёньняшні дзень пра посьпехі гэтай галіны гаварыць рана, але першыя парасткі ўжо ёсьць. У ваколіцах Дзісны ўжо ёсьць дзясятак адрасоў, дзе вам дадуць начлег, лодку і вуду.

(Мароз: ) “Ёсьць сельгастурызм, экалягічны турызм. Ёсьць настальгічны турызм. У нас да вайны больш за пяць тысяч габрэйскага насельніцтва жыло. Акрамя таго, калі ваявала тут нямецкая нацыя, ёсьць цікавасьць дзяцей і ўнукаў, бацькі якіх пахаваныя тут, наведаць гэтыя мясьціны. Пакланіцца іх магілам”.

За пару дзясяткаў кілямэтраў ад Дзісны знаходзіцца самае вялікае балота ў сьвеце — Ельня. Спадарыня Мароз лічыць, што слава Ельні як турыстычнага аб’екту яшчэ наперадзе. Тым больш, што замежныя госьці (пакуль што, праўда, не турысты, а эколягі) былі, па словах спадарыні Вольгі, зачараваныя ўбачаным краявідам.

(Мароз: ) “Мы, калі павялі нашых першых турыстаў, італьянца і швэдку на балота, уяўляюць: “Я вадзяной, я вадзяной, ніхто ня водзіцца са мной”. Што там кікімары і пудзілы нейкія. А прыходзіш на балота, а гэта прыгажосьць. Гэта квітнеючы кілім. Гэта мяккі мох, па якім лётаеш. І там адзін з экспэртаў разуўся і пайшоў босы па моху. І ўсе думалі, што кастрычнік месяц, ён прастудзіцца. Нічога падобнага! Ён аздаравіўся”.

А наастачу новае беларускае слоўца, якое я пачуў у Дзісьне. Ведаеце, як дзісенцы пераклалі абрэвіятуру СПК — гэтую замену калгасу? Слова Васілю Масьлёнку:

(Масьлёнак: ) “Саюз п’яных калхозьнікаў”.

XS
SM
MD
LG