Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага - 23 лістапада


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 23 лістапада

“Звязда”, 1935 год. Янка Купала піша:

“Магутнай ракой, перакідваючыся з завода на завод, з фабрыкі на фабрыку, з калгаса ў калгас, пацёк-разліўся стаханаўскі рух па нашай радзіме. Ён не з’явіўся сам сабою, бо само сабою нічога не бывае. Яго спарадзіла мудрая палітыка партыі, рабочага класа, стварыўшая новае, радаснае жыццё, яго спарадзіла геніяльнае прадбачанне правадыра ўсіх працоўных — мудрага Сталіна, які паказвае далейшае развіццё гэтага руху аж да камуністычнага грамадства”.

“ЛіМ”, 1965 год:

“У Мінску выступае зараз джаз-аркестр пад кіраўніцтвам заслужанага артыста БССР Эдзі Рознера… На жаль, новая праграма, з якой прыехаў да нас Эдзі Рознер, аказалася далёка не арыгінальнай. Яна запоўнена слабымі, пераймальніцкімі нумарамі, даўно знаёмымі гледачам па выступленнях іншых выканаўцаў… Так, спявак Уладзімір Макараў уключыў у свой рэпертуар песню “Пыл” (“Пяхотныя калоны”) на словы Рэдзьярда Кіплінга. Гэты гімн англійскім каланіяльным войскам, якія “нясуць” у Афрыцы нялёгкі “цяжар белых”, выконваецца адразу пасля кампазіцыі, прысвечанай песням Вялікай Айчыннай вайны… Ні спеваку, ні Эдзі Рознеру, які выходзіць з-за куліс, каб прадырыжыраваць нумарам, няўцям, што яны дапускаюць кашчунства”.

“Знамя юности”, 1975 год:

“Цэнтральны Камітэт КПБ горача і сардэчна вітае і віншуе работнікаў радыёвяшчаньня рэспублікі, яго няштатны аўтарскі актыў у сувязі з 50-годзьдзем Беларускага радыё… Цэнтральны Камітэт Кампартыі Беларусі выказвае ўпэўненасьць у тым, што работнікі радыёвяшчаньня рэспублікі, мацуючы сувязі з аўтарскім актывам, і надалей будуць натхнёна несьці ў шырокія масы працоўных палымянае слова партыі, глыбока, пераканальна прапагандаваць досьвед гаспадарчага і культурнага будаўніцтва, перавагі савецкага ладу жыцьця, па-баявому весьці змаганьне з буржуазнай і рэвізіянісцкай ідэалёгіяй, рознымі антыподамі камуністычнай маралі”.
XS
SM
MD
LG