Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “За 10 гадоў я “наеўся” улады. Крэмль мне не патрэбны.”


Ігар Карней, Менск

Сёньня Аляксандар Лукашэнка праводзіць традыцыйную ўжо сустрэчу з расейскімі журналістамі. Дзьве папярэднія былі наладжаныя ў 2003 і 2004 гадох. Гэтым разам у прэзыдэнцкай адміністрацыі сабраліся больш за 80 прадстаўнікоў расейскіх СМІ з паўсотні рэгіянальных і маскоўскіх мэдыяў.

Ужо на самым пачатку сустрэчы кіраўнік краіны супакоіў гасьцей: маўляў, ніякіх рэвалюцый у Беларусі бліжэйшым часам ня будзе, бо падтрымка Лукашэнкі электаратам складае ня меней за 75%. Словамі Лукашэнкі, “апазыцыйнай тусоўцы” тут нічога ня сьвеціць.

Між тым, паводле кіраўніка краіны, на замову беларускай апазыцыі Захад абвясьціў сапраўдную вайну Беларусі і шэраг правых партый і рухаў Расеі гэтую вайну падтрымалі. “НАТО тым часам прастрэльвае тэрыторыю да Крамля”, – папярэдзіў расейцаў Лукашэнка.

Гаворачы пра пэрспэктывы так званай Саюзнай дзяржавы, Лукашэнка заявіў, што кіраўнікі Расеі і Беларусі імкнуцца ўзводзіць яе на розных падмурках: ён, Лукашэнка, хацеў бы будаваць Саюз паводле прынцыпаў СССР, а Пуцін – паводле мадэлі Эўразьвязу. А таксама адзначыў, што ня мае амбіцый на “захоп Крамлю”: “За 10 гадоў я ўжо наеўся ўлады, мне і менскага Крамлю хапае…”, – рэзюмаваў Лукашэнка.

Закрануў Лукашэнка і тэму незалежных выданьняў. Ён пераконваў расейскіх журналістаў, што праблемы ціску на недзяржаўныя СМІ не існуе – маўляў, “ідзіце ўніз”, і набудзеце ў шапіку любую апазыцыйную газэту.
XS
SM
MD
LG