Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаве дэмакраты і незалежныя СМІ аб’ядноўваюць намаганьні


Міхал Стэльмак, Менск Да нядаўняга часу Барысаў быў сярод тых нешматлікіх гарадоў краіны, дзе пасьпяхова разьвівалася мясцовая незалежная прэса. Аднак апошнім часам улады ліквідавалі самую папулярную газэту “Курьер из Борисова” і спрабуюць зараз выціснуць з тамтэйшага мэдыя-рынку старэйшае выданьне рэгіёну – “Барысаўскія навіны”. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў аб’ядноўваюць намаганьні для супрацьдзеяньня ціску ўладаў.

У Барысаве прайшло паседжаньне рэгіянальнага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі, дзе абмяркоўвалася сытуацыя зь незалежнымі мэдыямі. На сёньня размова фактычна ідзе пра выжываньне недзяржаўнай прэсы. Гаворыць лідэр барысаўскай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін:

(Марголін: ) “Тут няма пра што казаць, бо калі мы іх страцім, то страцім апошнія крыніцы інфармацыі. Таму мы будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб іх захаваць, ім дапамагчы. Гэта агульная справа і ўсе разумеюць, што гэта вельмі важна. Асабліва ў сытуацыі, калі нас чакаюць прэзыдэнцкія выбары. Па-першае, мы вырашылі, што ўсе сьвядомыя дэмакраты павінны пайсьці ў паштовыя аддзяленьні і запатрабаваць выпісаць гэтыя газэты. Тыя газэты, якія выключаны з падпісных каталёгаў: “Народную волю”, “Нашу ніву”, нашы “Барысаўскія навіны” і іншых. Зразумела, нам будзе адмоўлена, і тады кожны мусіць напісаць скаргу. Зараз ёсьць кнігі скаргаў у кожнай установе, каб яны прымалі нейкія захады. Усе дапамагаюць распаўсюджваць “Народную волю”, якую мы час ад часу прывозім зь Менску”.

Клопат пра захаваньне незалежных мэдыяў праяўляюць і барысаўскія сацыял-дэмакраты, што ўваходзяць у партыю Аляксандра Казуліна. Пра гэта паведаміў праваабаронца Алесь Абрамовіч, днямі абраны лідэрам мясцовай суполкі БСДП(Г). Сябры арганізацыі, у прыватнасьці, занепакоеныя лёсам газэты “Барысаўскія навіны”:

(Абрамовіч: ) “Улады баяцца “Барысаўскіх навінаў”. Таму што яны карыстаюцца вялікім попытам насельніцтва. Закрыць “Барысаўскія навіны” – гэта справакаваць народную незадаволенасьць, нават хваляваньні. Таму, з аднаго боку, ціснуць, устаўляюць магчымыя і немагчымыя “рагаткі”, а з другога боку вымушаныя цярпець “Барысаўскія навіны”. “Белпошта” адмовіла “Барысаўскім навінам” ва ўключэньні яе ў падпісны каталёг. Зараз рэдакцыя шукае выйсьце. Заключаюцца дамовы з банкамі, каб прымаць падпіску праз банкі. Людзі аплачваюць грошы на рахунак банкаў, гэтыя грошы паступаюць у рэдакцыю, і газэта давозіцца яе чытачам”.

Да нядаўняга часу ў Барысаве выходзіла і яшчэ адна ўплывовая незалежная газэта – “Курьер из Борисова”. Зараз “Кур’ер” не выходзіць, паколькі ўлады прынялі рашэньне пра ліквідацыю яго заснавальніка – недзяржаўнага прадпрыемства “Прэс-сэрвіс”. Адпаведна і выданьне знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Але калектыў, паводле былога рэдактара Людмілы Атчанашанкі, не распаўся. Зараз ён стварыў інтэрнэт-сайт “Электронны Барысаў”. Вось што паведаміла спадарыня Атчанашанка:

(Атчанашанка: ) “Гэта ў цэлым інфармацыйны сайт. Які будзе тычыцца ўсяго таго, што адбываецца ў горадзе Барысаве, краіне і сьвеце. Хачу сказаць, што тое, пра што ў “Кур’еры” пісалася паміж радкоў, зараз будзе называцца канкрэтна. То бок словы набудуць рэальны сэнс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG