Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму народ верыць самым неверагодным чуткам пра кіраўнікоў?


Іна Студзінская, Менск На некаторых беларускіх Інтэрнет-сайтах зьявілася інфармацыя пра тое, што Беларуская чыгунка замовіла на рыскім вагонабудаўнічым заводзе цягнік павышанай камфортнасьці з шасьці вагонаў, якія абсталяваныя душам, кандыцыянэрам, відэаабсталяваньнем, тэлевізарамі. І быццам бы Аляксандар Лукашэнка, як паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ір, будзе езьдзіць на адмысловым пэрсанальным бронепоезьдзе. Ці так гэта на самой справе?

Тое, што Беларуская чыгунка замовіла заводу “Rigas Vagonbuves rupnica” дызэльныя саставы павышанай камфортнасьці, гэта сапраўды так. І нават не адзін, а два. Першы, дарэчы, ужо гатовы, другі будзе здадзены напярэдадні новага году. Што да начыньня цягнікоў, то сапраўды там ёсьць кандыцыянэры, відэа– і тэлеапаратура. А вось душу няма. Распавядае начальнік цэху рыскага вагонабудаўнічага завода Вячаслаў Самадзелкін.

(Самадзелкін: ) “Душу сапраўды няма. Замест душу – бар. Першая кляса з барам, другая кляса таксама палепшанай камплектацыі. Гэта дызэль-цягнік для перавозкі пасажыраў. Гэта ніякі не цягнік для VIP, як ёсьць цягнікі для начальнікаў чыгунак, для правядзеньня канфэрэнцыяў, нарадаў. А гэта для перавозкі пасажыраў”.

Пра што толькі не кажуць у народзе і СМІ – пра будаўніцтва новай рэзыдэнцыі для Лукашэнкі каля Сочы, пра шыкоўны офіс у Траецкім прадмесьці для ягонага малодшага сына, цяпер вось пра пэрсанальны цягнік… А што думае наконт гэтага народ?

(Карэспандэнтка: ) “Ці верыце вы, што Лукашэнка замовіў пэрсанальны цягнік – як самалёт, верталёт, і будзе езьдзіць у далёкія вандроўкі на пэрсанальным цягніку?”

(Спадарыня: ) “Толькі бранепоезду яму яшчэ і не хапала. Ня хацелася б у тое верыць, таму што сытуацыя выглядае анэкдатычнай. Але, ведаеце, усё можа быць. Нават калі вялася гаворка пра нейкую карэту, быццам бы ён яе заказаў, ніхто тую карэту ня бачыў, але я пачула ў адной з нашых вёсак прыпеўку пра карэту: “Раскажу вам па сакрэту: наш зрабіў сабе карэту, сам у ёй езьдзіць па траве без цара ў галаве”.

Так што ўсё можа быць…”

(Дзяўчына: ) “Цягнік?! Ну, цягнік – гэта несур’ёзна. Я б на месцы Лукашэнку ўжо б тэлепорт заказала, каб сканструявалі. Во! У гэтым парку высокіх тэхналёгіяў. Ну, тэлепорт – калі ты знаходзішся ў нейкім месцы, заходзіш у будку, і малекулы твае пераносяцца ў іншае месца, інфармацыя пра іх запісваецца. Хай бы ўжо распрацаваў! Зараз жа ХХІ стагодзьдзе, гэта ўжо несур’ёзна – цягнікі”.

Палітоляг Аляксандар Фядута як чалавек, не пазбаўлены пачуцьця гумару, не зьдзівіўся б, калі сапраўды Лукашэнка замовіў карэту. Таму што ва многіх краінах сьвету карэта зьяўляецца звычайным сродкам пратакольнага транспарту. Але гэта толькі ў манархіях, калі манарх прымае манарха. І якая б бедная краіна ні была, у кіраўніка дзяржавы павінен быць пэрсанальны самалёт, лімузін, іншыя транспартныя сродкі, лічыць спадар Фядута. Што да чутак пра самыя неверагодныя рэчы, то, на думку палітоляга Аляксандра Фядуты –

(Фядута: ) “Сама ўлада не дае ніякай аб’ектыўнай інфармацыі. І потым кожны раз зьдзіўляецца, чаму ўсе так дрэнна да яе адносяцца. Ды ня дрэнна адносяцца, проста думаюць, і ў галаву прыходзяць тое, што далей за ўсё ад рэальнага становішча спраў. Першыя чуткі пра Аляксандра Лукашэнку тычыліся ягонага здароўя. Замест таго, каб сказаць у 1994 годзе, што ў чалавека звычайны рэўматызм, выдумалі нейкае “ушчамленьне нэрва”. Ад глупства ўлады чуткі і ідуць”.
XS
SM
MD
LG