Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міграцыя птушак можа прывесьці да разносу патагенных вірусаў грыпу


Алена Струвэ, Менск “Новы нямецкі канцлер можа дапамагчы Беларусі”, “Небясьпека веснавой птушынай міграцыі” ,”Амэрыканская медычная сястра- пра сваю працу ў Менску”, -такія тэмы сёньняшняга агляду замежных выданьняў.

Як піша нямецкая Handelsblatt, Вашынгтон мае пэўныя надзеі ў зьвязку з учорашнім абраньнем Ангелы Мэркель на пасаду Бундэскацлера. ЗША разьлічваюць на нямецкую падтрымку дэмакратызацыі ва Ўсходняй Эўропе, Цэнтральнай Азіі і Блізкім Усходзе. У якасьці прыкладу прыводзіцца “аранжавая рэвалюцыя” ва Ўкраіне, якую падтрымалі і Злучаныя Штаты, і Эўразьвяз. “Падобную дапамогу немцы маглі б аказаць і Беларусі зь Узбекістанам”, падкрэсьліў ў размове з вашынгтонскім карэспандэнтам Handelsblatt адказны амэрыканскі ўрадовец. На ягоную думку, ніводнага іншая краіна ня мае такога досьведу ў пераадоленьні таталітарнага рэжыму як ФРГ. Візыт першай нямецкай канцлеркі ў ЗША чакаецца напачатку будучага году, піша Handelsblatt.

Наступная вясновая міграцыя дзікіх птушак можа прывесьці да разносу патагенных вірусаў грыпу ў Беларусі, ва Ўкраіне, Расеі, зазначыў у інтэрвію часопісу Geo навуковец-арнітоляг з інстытуту Макса Планка Вольфганг Фідлер. Паводле Фідлера, арнітолягі ня менш занепакоеныя і цяперашняй зімовай міграцыяй птушак. Нявыключана, што разам зь вялікай колькасьцю пералётных птушак вірус H5N1 рухаецца зь Сыбіры ў Афрыку з прыпынкамі на Чорным моры, дзе фіксуецца вялікая колькасьць выпадкаў птушыных сьмерцяў. Навукоўцы не выключаюць, што вірус можа “ламацца” і мутавацца ў самыя агрэсіўныя варыянты. Паводле арнітолягаў, бліжэйшым часам можна чакаць выміраньня цэлых дзікіх папуляцыў, піша Geo.

Амэрыканская мэдычная сястра Кэці Клайнан прыехала ў Беларусь з місіяй Міжнароднага дзіцячага кардыялягічнага фонду. Два тыдні Кэці працавала ў Менску, у цэнтры дзіцячай кардыёхірургіі. Яе ўражаньні зьмешчаныя ў шэрагу амэрыканскіх сьпецыялізаваных інтэрнэт- і друкаваных выданьняў (Childrensheart, Park Reccord ды інш.) “ Калі вяртаешся на радзіму, пачынаеш інакш цаніць тое, што маеш, -гаворыць амэрыканка. “ Аднак маё знаходжаньне ў Менску зрабіла мяне лепшай мэдычнай сястрой чым я была дагэтуль”, дадае медсястра. Паводле Кэці Клайнан, пры нагодзе яна б ізноў прыехала б у Менск у складзе місіі Міжнароднага фонду. Як сьведчыць амэрыканка, высокая сардэчная паталёгія сярод беларускіх дзяцей у многім зьвязаная з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы ды сацыяльнымі праблемамі ў грамадзтве. Многія з тых дзяцей, зь якімі ёй давялося працаваць мелі нізкую вагу і рэгулярна не атрымлівалі добрага якаснага харчаваньня.

У часе працы ў менскай клініцы Кэці ўразілі некалькі момантаў. У начы, калі неабходна было рабіць пераліваньне крыві, а яе не было, кроў добраахвотна здавалі супрацоўнікі шпіталю. Альбо такая паўсядзённая бытавая дэталь - у часе 36-ці гадзіннай працоўнай зьмены беларускія мэдсёстры і лекаркі былі ў абутку на высокіх абцасах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG