Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўжо ведае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў?


Аляксей Дзікавцікі, Варшава “Лукашэнка ўжо ведае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, што адбудуцца ў наступным годзе”, – такі загаловак мае артыкул, зьмешчаны сёньня ў польскай “Gazecie Wyborczej”. Больш падрабязна са зьместам публікацыі вас пазнаёміць наш варшаўскі карэспандэнт.

“Некалькі дзён таму Аляксандар Лукашэнка падаў інфармацыю аб тым, колькі беларусаў яго падтрымліваюць: сярод вяскоўцаў – 90%, а ў гарадах – 84% за выключэньнем Менску, дзе беларускага кіраўніка, паводле ягоных уласных словаў, падтрымліваюць 67% жыхароў. Ці беларускі лідэр назваў такім чынам вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, што адбудуцца ў наступным годзе?” – “Газэта выборча” ставіць пытаньне ды падкрэсьлівае, што невядома, хто зрабіў сацыялягічныя дасьледаваньні, вынікі якіх прадставіў Лукашэнка.

Спасылаючыся між іншым на матэрыялы беларускай "Свабоды", польскі штодзёньнік піша, што сярод афіцыйных беларускіх сацыялягічных цэнтраў адпаведны досьвед у справе правядзеньня такіх дасьледаваньняў маюць толькі тры – але ўсе яны рашуча заяўляюць, што нічога такога не рабілі.

“У Беларусі іранізуюць, што цяпер лёгка прадбачыць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Увогуле у гэтай краіне выбарчыя фальсыфікацыі гэта не навіна. Летась падчас рэфэрэндуму, які даў Лукашэнку магчымасьць балятавацца трэці раз запар, вынікі незалежных апытаньняў падчас выхаду з выбарчых участкаў і афіцыйныя дадзеныя адрозьніваліся на 30%”, – піша “Газэта выборча”.

Штодзёньнік адзначае, што і цяпер дадзеныя, якія прадставіў Лукашэнка значна адрозьніваюцца ад вынікаў апошняга дасьледаваньня, якое правёў Інстытут грамадзка-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Паводле інстытуту, за цяперашняга кіраўніка дзяржавы цяпер хацелі б галасаваць 47,5% беларусаў, за прадстаўніка апазыцыі – 25,5%, а кожны пяты беларускі выбаршчык лічыць, што Лукашэнка не павінен балятавацца трэці раз.

Газэта піша, што дасьледаваньне інстытуту праводзілася ў час, калі ня быў яшчэ абраны адзіны кандыдат на пасаду прэзыдэнта ад апазыцыі, таму пакуль невядома, колькі беларусаў яго падтрымліваюць на гэты момант.

“Шмат хто ў Беларусі ўвогуле ня ведае Мілінкевіча, бо пра дзейнасьць апазыцыі інфармуюць толькі замежныя радыёстанцыі і рэшткі незалежных газэтаў”, – напісала ў сёньняшнім нумары “Газэта выборча”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG