Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваюцца ціск на актывістаў Саюзу палякаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня адбылася вочная стаўка былога старшыні Саюзу палякаў Тадэвуша Кручкоўскага і кіраўніка СПБ Анжалікі Борыс, паўнамоцтвы якой улады не прызнаюць. Яны далі паказаньні па справе аб фінансавых злоўжываньнях у Саюзе палякаў. Сёньня ж галоўны рэдактар часопіса “Magazyn Polski” Андрэй Пачобут падаў скаргу камандзіру памежнай часьці, афіцэр якой забраў у яго пашпарт на КПП “Брузгі”, калі журналіст вяртаўся з Польшчы.

Анжаліка Борыс гаворыць, што на яе напісаў скаргу Тадэвуш Кручкоўскі, але яна адмаўляе ўсе закіды аб тым, што нібыта не па прызначэньні магла выкарыстаць грошы, выдзеленыя на настаўніцкую канфэрэнцыю, што адбылася год таму.

(Борыс: ) “У мяне была вочная стаўка з Кручкоўскім. Ён быў старшынём, але нібыта нічога ня ведаў, за ўсе фінансы быццам бы адказваю я. Ён гаварыў, што я езьдзіла ў Польшчу, сама падпісвала ўмовы і ўсім займалася”.

Паводле журналіста Андрэя Пачобута, Анжаліка Борыс кіравала аддзелам адукацыі, а гэта структурнае падразьдзяленьне Саюзу палякаў, таму да фінансаў яна ня мела дачыненьня.

Сёньня ж супраць актывістаў Саюзу палякаў былі распачаты некалькі крымінальных справаў.

(Пачобут: ) “Была крымінальная справа ўзбуджана, што зьнікла пячатка і зьніклі сьцягі Саюзу палякаў: пасьля штурму АМОНам будынка СПБ Кручкоўскі не знайшоў іх. Справа потым была спынена, а цяпер адноўлена і зноўку ўсіх выклікаюць”.

У сядзібе былі некалькі штандараў, у прыватнасьці: сьцяг самога Саюзу палякаў, сьцяг вэтэранаў Арміі Краёвай, сьцяг таварыства ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Што датычыць скаргі памежнікам, дык яе Андрэю Пачобуту склаў адвакат, працу якога аплацілі польскія ўлады. Паводле спадара Пачобута, пра гэта публічна заявіў прэсавы сакратар польскага ўраду. І гэты факт вельмі важны ня толькі асабіста для Пачобута, але і для ягоных калегаў па Саюзе палякаў.

(Пачобут: ) “Тое, што з намі сустрэўся прэм''ер-міністар Польшчы Марцінкевіч, тое, што пасьля гэтага пачаліся праблемы, і што рэакцыя ўраду была імгненнай, для сяброў Саюзу палякаў, якіх сёньня перасьледуюць, якіх выклікае КГБ, якіх запалохваюць, гэта істотны сыгнал пра тое, што нягледзячы на тое, што выбарчая кампанія ў Польшчы даўно скончылася, польская ўлада сваёй пазыцыі не зьмяніла, яна будзе бараніць усіх”.
XS
SM
MD
LG