Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадавіна памаранчавай рэвалюцыі вачамі простых украінцаў


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня ва Ўкраіне паводле ўказу прэзыдэнта Юшчанкі ўпершыню сьвяткуюць Дзень свабоды. Што зьмянілася ў жыцьці ўкраінцаў у памежных зь Беларусьсю раёнах за год пасьля памаранчавай рэвалюцыі? Ці спраўджваюцца надзеі? Пра гэта пытаўся ва ўкраінцаў наш гомельскі карэспандэнт.

Ва ўкраінцаў, што прыяжджаюць у Гомель гандляваць малочнымі прадуктамі, цукеркамі, халвою, іншым недарагім харчам, пытаюся найперш, ці адзначаюць яны сёньня асабіста Дзень свабоды?

(Першая ўкраінка: ) “Не, не сьвяткую. Для мяне гэта ня сьвята. Нам лепей ня стала. Яны нам абяцалі ўклады вярнуць, як прададуць “Крыварожсталь”. А цяпер самі сабе – сродкі то на выбары, то на нешта яшчэ. Людзі засталіся збоку”, – лічыць жанчына з Шчорсу.

Гандлярка з Гарадні паведаміла, што ў іх раёне зьмяніўся кіраўнік мясцовай адміністрацыі, і людзі ім задаволены:

(Другая ўкраінка: ) “Кіраўнік раённай адміністрацыі зьмяніўся. Малады мужчына, 40 гадоў. Вельмі прыязна ставіцца да нас. Ніякай фанабэрыі ў яго няма. Просты, добры хлопец”.

Маю субяседніцу дапаўняе яшчэ адна ўкраінка. Распавядае пра цяперашні памер сваёй пэнсіі:

(Трэцяя ўкраінка: ) “350 грыўнаў атрымліваю. Раней было і 90. Дабаўляюць пакрыху. Так і жывём”.

І ўсё ж большасьць тых, з кім давялося гутарыць, кажуць, што асаблівых пераменаў у жыцьці апошнім часам не адбылося. Засталіся ня вырашанымі ранейшыя праблемы:

(Чацьвёртая ўкраінка: ) “Абсалютна нічога не зьмянілася. Што было, тое і засталося. Усе навокал беспрацоўныя – вось у чым праблема. Трэба кудысьці ехаць і шукаць заробак на буханку хлеба”.

(Пятая ўкраінка: ) “Дабра няма, бо ніводнае прадпрыемства ў горадзе Шчорсе не адкрылася. Працуе адна чыгунка – ейныя дэпо, дыстанцыя шляху. Больш нічога не працуе. Едуць, хто ў Кіеў, хто ў Маскву, каб трохі зарабіць. Вось нам засталося 4-5 гадоў да пэнсіі, і мы вымушаны ехаць у Гомель, гандляваць, каб зарабіць на кусок хлеба”.

Нягледзячы на крытычную ацэнку сваёй рэчаіснасьці, украінцы разумеюць, што істотныя перамены не адбываюцца так хутка:

(Шостая ўкраінка: ) “Хіба нешта можна за год зрабіць?! Пажывём – пабачым. Мы, канечне, адразу хочам годнага жыцьця. І мы, і вы – усе”.

(Сёмая ўкраінка: ) “Мне шкада крыху Юшчанку. Ён – чалавек вельмі адукаваны і прыстойны, але яго з усіх бакоў клююць”.

(Восьмая ўкраінка: ) “Я лічу, што паўгоду ў Юшчанкі сышло з прычыны, што ён сабраў ня тую каманду. Яны не дапамагалі яму, а, наадварот, ставілі палкі ў колы. Паўгоду прайшло, а за астатнія паўгоду ня так шмат можна зрабіць у краіне”, – лічыць жыхарка з памежнай Чарнігаўскай вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG