Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плакаў-плакаў, а Бог быў аднакаў, пачаў танцаваць – стала шанцаваць


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Выслаўленае Ўладзімерам Караткевічам на Беларусі Бог жыве, здаецца, мае далёкую перадгісторыю: наш чалавек адпачатку пачувае валадара сусьвету зусім блізка. Схаваны глыбока ў сэрцы, Бог адзіны трымае ў сьвеце праўду й трывае з намі пакуты за яе. А ўсё ж болей хацеў бы радавацца...

Прынамсі, так падумалася мне, калі слухала ў шпітальнай палаце аповед старой настаўніцы з-пад Баранавіч – Алены Якубаўны. Сагнёная, як бярэзіна пад ветрам, яна прыгожа спамінала маладосьць, сьвятлеючы з твару. Як маці не пускала замуж за чужака наежджага, як употай сустракаліся за вёскай на былой панскай сядзібе, а потым надумаў-такі каханы кінуць-рынуць усё ды ў белы сьвет падацца. Ды тут на ратунак ейны бацька паўстаў: прыпыніў хлопца адным напамінам – пра дзеда-небараку, які плакаў-плакаў, а Бог быў аднакаў, пачаў танцаваць – стала шанцаваць. Невясёлы той досьвед, здабыты продкам у стратах і адчаях, аказаўся неблагім лекаваньнем: адчуўшы перавагу каханьня перад усімі нягодамі-нязгодамі, маладыя пабраліся, а сям''я спакваля зьмірылася. Хто ж не прыхінецца да радасьці й любові?

Вось і мне, зацуглянай аднойчы немаччу, і ўсёй зажаленай краіне мудра парадзіла даўно ўжо адзінокая, але спазналая шчасьце кабеціна: “Ведай жа: спадар адзін плакаў-плакаў, а Бог быў аднакаў, пачаў танцаваць – стала шанцаваць”.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG