Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вэртыкаль" ня хоча бачыць А.Мілінкевіча ў Бабруйску


RFE/RL Бабруйская ідэалягічная "вэртыкаль" стварае перашкоды кантактам Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі гораду. Візыт прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў у Бабруйск адбудзецца 24 лістапада.

Распавядае кіраўнік ягонай прэсавай групы Сяргей Вазьняк:

(Вазьняк: ) "У пляне знаходжаньня Аляксандра Мілінкевіча ў Бабруйску была наўпроставая тэлефонная лінія з жыхарамі гораду. Мясцовыя актывісты дэмакратычнага руху зьвярнуліся ў рэдакцыі бабруйскіх газэтаў, недзяржаўных у першую чаргу, каб надрукаваць платныя абвесткі з нумарам тэлефона і пазначэньнем дня і часу наўпроставай лініі. Адна з газэтаў нават узяла грошы за гэтую абвестку.

Але як толькі пра гэта даведаўся ідэалягічны аддзел Бабруйскага гарвыканкаму, рэдактары газэтаў атрымалі вусную, але катэгарычную каманду – не даваць ніякіх рэклямных абвестак аб візыце Мілінкевіча, які адбудзецца 24 лістапада.

Тая газэта, якая ўзяла грошы, вярнула іх і сказала, што ня можа надрукаваць такую абвестку.

Але наўпроставы эфір усё роўна адбудзецца, мясцовыя актывісты паведамляюць людзям інфармацыю пра гэты тымі сродкамі, якія маюць, мы ў інтэрнэце на сайце Мілінкевіча разьмясьцілі паведамленьне, што гэтая простая тэлефонная лінія будзе працаваць".

Зьнешнія спасылкі: • milinkevich.org
XS
SM
MD
LG