Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саюз беларускіх пісьменьнікаў пад пагрозай зьнішчэньня?


Альгерд Невяроўскі, Менск З 582 сябраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў ва ўстаноўчым сходзе новага праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі ўдзельнічалі 53 чалавекі. Ніхто зь іх дагэтуль не напісаў заявы аб выхадзе з СБП, як таго патрабуе статут гэтай пісьменьніцкай арганізацыі.

Кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў не выключае, што ўлады паспрабуюць ліквідаваць іх творчую арганізацыю, але запэўніваюць, што іх саюз будзе дзейнічаць нягледзячы ні на што.

Кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў склікала сёньня прэсавую канфэрэнцыю. Нагодай для яе правядзеньня стаў устаноўчы зьезд новай праўладнай арганізацыі Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, які адбыўся ў Менску ў мінулую пятніцу.



Вось што сказаў пра мерапрыемства, на якім Мікалая Чаргінца абралі старшынём новага саюзу, паэт Анатоль Вярцінскі:

(Вярцінскі: ) “Гэта сталіншчына найгоршага гатунку. Нашыя ўлады пераўзышлі свайго куміра. Яны зьнішчаюць пісьменьніцкую арганізацыю. Ажыцьцёўлены падлог. На юрыдычнай мове тое, што зроблена, называецца падлогам”.

З 582 сябраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў ва ўстаноўчым сходзе новай арганізацыі ўдзельнічалі 53 чалавекі. Гаворыць старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Заканадаўствам нашай краіны грамадзянам Беларусі не забаронена ствараць розныя грамадзкія аб’яднаньні. Але паколькі прэцэдэнт неадназначны, ёсьць статут навастворанай арганізацыі Саюз пісьменьнікаў Беларусі, і паколькі гэты статут цалкам дублюе статут Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, ёсьць толькі некаторыя дадаткі. Атрымліваецца два Саюзы пісьменьнікаў з агульнымі мэтамі й задачамі. Таму я ўчора задаў гэтае пытаньне непасрэдна Раісе Баравіковай. Яна задумалася і сказала, што паводле маральных крытэраў сябры навастворанай арганізацыі павінны выйсьці з нашага Саюзу. Але на сёньня ніводнай заявы аб выхадзе з Саюзу пісьменьнікаў мы ня маем”.

Кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў пераканана, што ўлады стварылі ляяльную пісьменьніцкую арганізацыю, каб падмяніць ёю ранейшы саюз. Многія пісьменьнікі адзначалі, што ў новым саюзе фактычна няма вядомых у літаратурным сьвеце імёнаў. На думку паэта Ўладзімера Някляева, уладам гэта і не патрэбна.

(Някляеў: ) “Мы ніяк ня можам сябе супакойваць тым, што ў той арганізацыі няма ні народных, ні Бураўкіна, ні Вярцінскага. Якая розьніца. Яны сябе цяпер будуць прэзэнтаваць як Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Хто будзе ў краіне слухаць — там Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Саюз пісьменьнікаў Беларусі? Для іх будуць адкрытыя каналы сродкаў масавай інфармацыі. Для нас гэтыя каналы адсечаныя, і дзе ты каму давядзеш, што ты не сябруеш з гэтай уладай. Задачу, якую яны паставілі перад сабой, яны выканалі”.

Намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Міхась Скобла сказаў, што падмена паняткаў ужо пачалася. Так, днямі ў Саюз прыйшло запрашэньне на сьвяткаваньне 75-годзьдзя Ўладзімера Караткевіча, адрасаванае ўжо Мікалаю Чаргінцу. Паэт Сяргей Законьнікаў аднак перакананы, што ўладам зьнішчыць Саюз ня ўдасца:

(Законьнікаў: ) “Саюз у нас застанецца. У нас 500 сябраў Саюзу, зь іх, скажам, калі туды пайшлі 60, ну і няхай ідуць. У нас застаецца шмат людзей. Выганяць з гэтага памяшканьня — нічога страшнага. Можна існаваць у іншым месцы. Знойдзем мы, дзе існаваць. Беларускі ліцэй выгналі, але ліцэй існуе. І мы выжывем. Няхай яны твораць, што хочуць, хоць на галаве стаяць. Мы выжывем і будзем рабіць сваю работу”.

Больш дакладная стратэгія абароны Саюзу беларускіх пісьменьнікаў будзе разгледжаная 9 сьнежня, падчас паседжаньня Літаратурнага фонду.

Гл. таксама • Мэта ўладаў – зьнішчыць Саюз пісьменьнікаў як тэрыторыю незалежнасьці • Праўладны саюз пісьменьнікаў узяў сабе назву з парушэньнем закону
XS
SM
MD
LG