Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ангела Мэркель – першая жанчына канцлер у гісторыі Нямеччыны


Віталь Цыганкоў, Прага Сёньня Ангела Мэркель афіцыйна прыведзеная да прысягі ў якасьці канцлера Нямеччыны. Мэркель, дачка пастара з ГДР, стала першай жанчынай – кіраўніком ураду ў гісторыі Нямеччыне. Якую зьнешнюю палітыку будзе праводзіць новы кабінэт?

Падчас галасаваньня ў Бундэстагу – ніжняй Палаце нямецкага парлямэнту – Мэркель падтрымала 397 дэпутатаў, супраць – 202, 12 устрымаліся. Такі вынік стаў магчымым дзякуючы двухмесячным напружаным перамовам паміж правацэнтрысцкім блёкам ХДС-ХСС (Хрысьціянска-дэмакратычны Саюз і Хрысьціянска-сацыяльны саюз) і левай Сацыял-дэмакратычнай партыяй.

У выніку на парытэтных пачатках была створаная шырокая кааліцыя, якая і прагаласавала за Мэркель. Вынікі галасаваньня абвяшчае сьпікер палаты Норбэрт Ламэрт:

(Ламэрт: ) “Такім чынам доктар Ангела Мэркель абраная Канцлерам – першая жанчына Канцлер Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны – неабходнай большасьцю галасоў сябраў нямецкага парлямэнту."

Але наколькі трывалым акажацца кабінэт міністраў, у якім пароўну падзеленыя крэслы паміж правымі і сацыял-дэмакратамі? Перад Мэркель, на думку аналітыкаў, найперш паўстаюць тры асноўныя зьнешнепалітычныя праблемы – адносіны з ЗША, зь іншымі краінамі Эўразьвязу, а таксама з Турэччынай.

Як чакаецца, Мэркель зробіць істотныя крокі з мэтай пакончыць з пэўнай нацягнутасьцю дачыненьняў са Злучанымі Штатамі, што было выклікана рознагалосьсямі вакол ірацкай кампаніі. Мэркель неўзабаве плянуе візыт у Вашынгтон, каб аднавіць шчыльныя і сяброўскія сувязі, што былі дзесяцігодзьдзямі характэрныя для нямецка-амэрыканскіх дачыненьняў. Але гэта палепшыць толькі атмасфэру, але ня здымае сутнасныя разыходжаньні, бо Нямеччына па-ранейшаму не зьбіраецца дасылаць свае войскі ў Ірак. Дарэчы, зьнешнепалітычнае ведамства ў новым кабінэце ўзначаліў Франк-Уолтэр Штайнмаер, сацыял-дэмакрат, які быў архітэктарам антыамэрыканскіх настрояў у выбарчай кампаніі Гэрхарда Шрэдэра.

Першы афіцыйны візыт Мэркель, што паказальна, у Парыж, адбудзецца ўжо заўтра. Далей у плянах Мэркель Брусэль і Лёндан.

Аднак многія аналітыкі папярэджваюць, што шмат энэргіі новаму канцлеру давядзецца траціць на кіраваньне сваім кааліцыйным кабінэтам, у які ўвайшлі яе палітычныя праціўнікі і крытыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG