Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непарадкі ў Францыі: міжканфэсійны канфлікт або сацыяльны крызіс?


Кастусь Бандарук, Прага Новая рэлігійная перадача сэрыі “Сымбаль Веры”.

Цягам трох тыдняў Францыя перажывала небывалыя за апошнія 40 гадоў вулічныя хваляваньні і непарадкі названыя “бунтам прадмесьцяў”. Палітыкі і аналітыкі тлумачаць прычыны гвалту правалам палітыкі інтэграцыі імігрантаў ў заходнія грамадзтвы. Яны заяўляюць, што гэтыя падзеі ня маюць нічога супольнага з рэлігіяй, аднак іншыя лічаць, што гэта доказ глыбокага крызісу ў адносінах паміж рознымі культурамі і рэлігіямі. Ці так яно насамрэч? Гэтаму прысьвечаны сёньняшні выпуск перадачы.

(Бандарук: ) "Сытуацыя ў Францыі цяпер нармалізавалася, і палітыкі ды СМІ аналізуюць прычыны беспарадкаў. На думку некаторых аглядальнікаў, адным з важных чыньнікаў, які паўплываў на імігранцкую моладзь у Францыі стала забарона насіць адзін з галоўных атрыбутаў веруючых мусульманак – хіджабы. У Францыі жывуць 5 мільёнаў мусульманаў, што складае 8% усяго насельніцтва краіны.

16-гадовая Асма Бубкер лічыць, што мусульмане сталіся ахвярамі прадузятага стаўленьня.

(Бубкер: ) "У хрысьціян ёсьць крыжыкі, дык чаму нам забараняюць насіць галаўныя хусткі? Дарэчы, закон скарысталі ісламскія экстрэмісты. Выкрадальнікі двух францускіх журналістаў ў Іраку запатрабавалі адмены забароны насіць хіджабы".

Студэнтка Тэйсір Бэн Назэр:

(Назэр: ) “Мы вучымся, каб пасьля знайсьці добрую працу, але калі ты ходзіш у хіджабе, усе дарогі для цябе закрытыя”.

У якасьці прыкладу яна згадвае сваю маці, у якой вышэйшая адукацыя, але з прычыны таго, што яна носіць хіджаб, яна ня можа знайсьці працу.

Іншая студэнтка Соня Бэньяхія кажа, што яна не адмовіцца ад хіджабу, нават калі з гэтай прычыны ёй прыйдзецца застацца хатняй гаспадыняй. Сацыёлягі адзначаюць, што хаця ня ўсе імігранты з ісламскіх краінаў глыбока веруючыя, аднак для выхадцаў з Паўночнай Афрыкі рэлігія надзвычай важная.

Саюз ісламскіх арганізацыяў Францыі апублікаваў фатву, у якой заклікаў ініцыятараў хваляваньняў да спакою. 15 парыскіх імамаў і кіраўнікоў мусульманскіх асацыяцыяў сабраліся ў мячэці Білаль у Клішы-су-Буа. У канцы кастрычніка ў часе малітвы ў мячэць пранік сьлезацечны газ, што выклікала абурэньне вернікаў. Пасьля гэтага пачаліся пагромы, якія пашырыліся на ўвесь парыскі рэгіён.

“Любому мусульманіну, які шукае міласэрнасьці Ўсявышняга ды імкнецца да выкупленьня грахоў, забаронена ўдзельнічаць ў дзеяньнях, якія прыносяць шкоду прыватнай альбо грамадзкай ўласнасьці і замахвацца на чыёсьці жыцьцё”. У дакумэнце таксама гаворыцца, што апошнія падзеі выявілі сур''ёзныя недахопы францускай мадэлі інтэграцыі, якая пакідае маладых людзей з імігранцкіх кварталаў ў “безнадзейнасьці і галечы”. Саюз мусульманскіх арганізацыяў падкрэсьліў, што “кожны мусульманін, які зьяўляецца францускім грамадзянінам, альбо госьцем Францыі, мае права патрабаваць павагі да сваёй асобы, сваёй годнасьці і сваіх перакананьняў”.

У часе беспарадкаў толькі за адзін дзень дэманстранты падпалілі чатыры хрысьціянскія храмы. Аднак лідэр партыі Зялёных у Эўрапарлямэнце Даніэль Кон-Бэндзіт, адзін з арганізатараў студэнцкіх дэманстрацыяў ў 1968 годзе лічыць, што гэта аніяк не вайна на рэлігійным грунце.

(Кон-Бэндзіт: ) “Некаторыя з удзельнікаў беспарадкаў, гэта сапраўды мусульмане, і яны адчуваюць сябе дыскрымінаванымі менавіта як мусульмане, але сапраўднай прычынай зьяўляецца крызіс францускага грамадзтва”.

Іў Трэар піша ў газэце “Ле Фігаро”, што іслам хутчэй за ўсё не зьяўляецца прычынай цяперашніх непарадкаў, аднак расізм і ісламафобія – гэта рэальнасьць.

(Трэар: ) "Каб вырашыць праблему, неабходна пацьвердзіць агульныя для ўсіх правы і абавязкі".

"Тэрарысты-сьмяротнікі ў Лёндане былі брытанскімі грамадзянамі, а не фанатыкамі, якія прыбылі здалёк, аднекуль зь Блізкага Ўсходу", – адзначае газэта "Financial Times".

Ці можа цяперашні выбух гвалту і яўны правал інтэграцыі прывесьці да тэрарызму? Ці можа сацыяльная і эканамічная роспач накіраваныя ў адпаведнае рэчышча рэлігійнымі фанатыкамі вырасьці ў крайнія выявы палітычнага гвалту пад сьцягам ісламу, другой па велічыні рэлігіі сьвету? Надзея, гонар і справядлівасьць гэта неабходныя ўмовы для аднаўленьня парадку ў Францыі і прадухіленьня выбуху ў іншых краінах Эўропы – піша Домінік Муасі на старонках газэты "Financial Times".

А вось, як патлумачыў прычыны хваляваньняў ў Францыі Сяргей Курдзюкоў, сьвецкі супрацоўнік Праваслаўнай парафіі Сьв. Аляксандра Неўскага ў Парыжы.

(Курдзюкоў: ) "Мне вядома толькі тое, што я бачу па тэлевізіі і чую па радыё. У Парыжы нічога не адбываецца. Тут усё спакойна. Хваляваньні адбываюцца ў некаторых прыгарадах Парыжу, асабліва там, дзе кампактна жывуць імігранты.

Што тычыцца спаленых храмаў, дык сапраўды было некалькі такіх інцыдэнтаў: адзін на поўдні, а другі на поўначы Францыі. Я чуў інтэрвію з адным са сьвятароў са спаленага храму. Ён лічыць гэты інцыдэнт выпадковым і аніяк не выявай міжканфэсійнай варожасьці. Амаль усе згодна кажуць, што ўсё гэта асноўваецца на сацыяльным грунце.

Сама мусульманская грамада асуджае беспарадкі. Мусульманскія лідэры выступілі нават з адмысловай фатвай, у якой заклікаюць мусульманаў да спакою. Дарэчы, хачу адзначыць, што незадавальненьне сярод бедных імігрантаў ўмацоўвалася здаўна. У гэтых сталічных прыгарадах моладзь ня мае занятку. Бацькі ў іх таксама вельмі часта беспрацоўныя. Усё гэта накоплівалася дзесяцігодзьдзямі. Тут ніякай рэлігійнай падаплёкі няма тым болей, што ў беспарадках удзельнічаюць ня толькі мусульмане. Проста французы альбо афрыканцы”.

Сацыёляг Вольга Махоўская, дасьледчыца адаптацыі дзяцей імігрантаў ў Расеі, Францыі і ў ЗША мяркуе, што вельмі многія імігранты варожа ставяцца да карэннага насельніцтва ў Францыі.

(Махоўская: ) "Яны ня любяць французаў за іхны снабізм, за іхную арыстакратычнасьць, за любоў да адукацыі. Яны лічаць, што французы мяккацелыя, няўпэўненыя ў сабе, яны ня ўмеюць самі зарабіць і не даюць зарабіць іншым, што гэта народ асуджаны на заняпад і толькі яны, прыежджыя, могуць быць той сьвежай крывёю якая адновіць пэрспэктывы францускай нацыі ў цэлым. Гэта адзін з агрэсіўных поглядаў, зь якім я сутыкалася, і гэта небясьпечна".

Некаторыя эўрапейскія СМІ прыгадалі артыкул ультраправай італьянскай журналісткі, зьмешчаны ў газэце "Кор''ерэ дэля Сэра” адразу пасьля тэрактаў ў Мадрыдзе 11 сакавіка мінулага году. Яна ізноў, гэтак як пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году, абвінаваціла мусульманаў ў спробе зьнішчэньня эўрапейскай цывілізацыі. Зразумела, ейныя погляды падтрымліваюць толькі крайнія нацыяналісты:

(Фалячы: ) "Гэта вораг, да якога мы ставімся як да сябра, які нас глыбока ненавідзіць і пагарджае намі, і то да такой ступені, што ажно хочацца закрычаць: калі мы такія пачварныя, такія злыя і грэшныя, дык чаму вы ня вернецеся да сябе дамоў? Навошта вы застаецеся тут? Няўжо дзеля таго, каб перарэзаць нам горла, альбо ўзарваць?"

Арляна Фалячы заявіла таксама, што “Каран ўвогуле немагчыма супаставіць са свабодай, з дэмакратыяй, правамі чалавека і наагул канцэпцыяй цывілізацыі”.

На думку праваслаўнага сьвятара з Парыжа, настаяцеля праваслаўнага Сабору іераманаха Нэстара, міжканфэсійны канфлікт у Францыі мала верагодны, паколькі для саміх французаў рэлігія – другарадная справа.

(Нэстар: ) "Гэта найперш не міжрэлігійны, але міжкультурны канфлікт. Рэлігія ня мае да гэтага непасрэднага дачыненьня. Проста падлеткі, якія праводзілі гэтыя беспарадкі не інтэгруюцца ў францускае грамадзтва.

Калі б французы былі рэлігійнымі, тады і можна было б гаварыць пра верагоднасьць міжканфэсійнага канфлікту. На самой справе, францускае грамадзтва ўжо даўно не хрысьціянскае. Што тычыцца храмаў, дык яны зьяўляюцца для французаў сымбалем іхнай гістарычнай спадчыны, знакам культурнай адметнасьці, у дадзеным выпадку ад мусульманскага грамадзтва. Храмы, гэта ня тое, што французы будуць абараняць, хіба, што гэта Нотрдамскі Сабор. Яны будуць абараняць свае музэі, дамы, пошты, школы, аўтамабілі, наагул маёмасьць, але храмы для іх, бадай, на апошнім месцы”.

Ці не назіраецца ў Парыжы росту антыісламскіх настрояў і наагул варожасьці да чужынцаў?

(Нэстар: ) "Не, не. За гэтым тут вельмі строга сочаць. На прыватным узроўні, у прыватных гутарках, магчыма, і гучаць нейкія непрыязныя выказваньні ў дачыненьні да імігрантаў, асабліва, калі ўсе бачаць маштабы зьнішчэньняў і гвалту. Аднак у сродках масавай інфармацыі хутчэй за ўсё ўздымаюцца пытаньні талерантнасьці і міру. Гэта лейтматыў ўсяго таго, што вы можаце пачуць і ўбачыць ў сродках масавай інфармацыі. Тэлебачаньне ахвоча і часта паказвае, напрыклад, парыскага імама і мусульманскіх лідэраў, якія асуджаюць беспарадкі і заклікаюць да стрыманасьці. Інакш кажучы, публічныя СМІ ўсяляк хочуць паказаць, што гэта аніяк не зьвязанае з рэлігійнымі пытаньнямі".

Некалькі падпалаў аўтамабіляў адбылося таксама ў Нямеччыне, дзе дэмаграфічная сытуацыя шмат у чым падобная да францускай.

Мішэль Хойбнэр – францужанка, якая больш за 20 год жыве ў Бэрліне. У Заходні Бэрлін яна трапіла дзякуючы ўдзелу ў акцыі збаўленьня – хрысьціянскім праекце прымірэньня паміж ФРН і краінамі, якія ў гады Другой усясьветнай вайны пацярпелі ад нямецкага фашызму. Адным з ініцыятараў праекту быў будучы муж Мішэль – нямецкі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч Крыстаф Хойбнэр.

У складзе акцыі збаўленьня Мішэль і Крыстаф Хойбнэр не аднойчы наведвалі Менск, дзе і пазнаёміліся з Васілём Быкавым. Пасьля сьмерці пісьменьніка яны працягваюць сябраваць з жонкай Васіля Быкава – Ірынай.

Вось як Мішэль Хойбнэр тлумачыць прычыны і магчымыя наступствы апошніх падзеяў ў Францыі:

(Хойбнэр: ) “За гэтым стаяць людзі, якія маюць падобную праблематыку: яны ня маюць працы, адукацыі і ня маюць пэрспэктываў на будучыню. Альбо яны заходзяцца пад вялікім уплывам іхнай рэлігіі, ісламу. Абедзьве катэгорыі знаходзяцца ў цяжкай сытуацыі. Яны нарадзіліся ў Нямеччыне, але яны ніяк не інтэграваныя ў нямецкае грамадзтва, гэтак жа як і ў Францыі.

У бэрлінскім раёне Кройцбэрг чалавек можа жыць гадамі і зусім не размаўляць па-нямецку. Тут турэцкія школы, крамы, тэлевізія. У Бэрліне ёсьць школы, дзе ўвогуле няма ніводнага нямецкага вучня. Адны туркі і арабы.

Нельга сказаць, што імігранты ненавідзяць карэннае насельніцтва, але яны адчуваюць сябе дыскрымінаванымі ў сэнсе працы, жыльля. Міжканфэсійны, альбо міжкультурны канфлікт заўсёды магчымы. У Галяндыі такое адбылося пасьля забойства рэжысэра Ван Гога. Таксама ў Бэльгіі такое назіраецца.

Існуе вялікі антаганізм паміж іхным мусульманскім выхаваньнем і заходнім выхаваньнем. Мы тут ў Нямеччыне сталі сьведкамі гісторыі, калі малады турак забіў сястру за тое, што яна не захацела жыць адпаведна з мусульманскімі традыцыямі. Усё гэта вельмі складана – знайсьці свой шлях паміж рознымі рэлігіямі”.

Згодна са статыстыкай, у Нямеччыне жывуць больш як 7 мільёнаў імігрантаў, у тым ліку амаль 3,5 мільёны мусульманаў. Два мільёны зь іх – туркі. У самім Бэрліне 440 тысяч чалавек маюць замежныя пашпарты, у тым ліку 120 тысяч туркаў. Мішэль Хойбнэр лічыць, што гэта сур''ёзны выклік і для нямецкага грамадзтва.

(Хойбнэр: ) “Гэта сапраўды вялікая культурніцкая і рэлігійная праблема. Цяпер многія ў Эўропе дыскутуюць пра сяброўства Турэччыны ў Эўразьвязе. Эўропа заўсёды была хрысьціянскай. Гэта была хрысьціянская тэрыторыя.

У Францыі цяпер абмяркоўваюць пытаньне далучэньня Турэччыны, але ж французы гэтага ня хочуць. Гэтак жа як і немцы. Гэта пытаньне веры. Калі цяпер сярод хрысьціянаў магчыма перайсьці ў іншую веру, то сярод ісламістаў – ніколі. Ты мусульманін і ты мусіш заставацца мусульманінам. Яны ня могуць перайсьці ў нейкую іншую веру.

Што тычыцца ўласна Нямеччыны, дык трэба адрозьніваць заходнюю Нямеччыну ад усходняй. Цяпер тут жыве шмат замежнікаў з многіх краінаў сьвету. І нацыяналістычных праяваў тут значна болей, чым на захадзе краіны. У заходняй Нямеччыне доўгі час выхоўваліся шматкультурніцкія традыцыі. На ўсходзе Нямеччыне існуюць ультраправыя, нацысты. Гэта ўсё на мяжы эканамічна-этнічных праблемаў”.

Што тычыцца Францыі, дык ужо бачныя першыя нэгатыўныя наступствы “ бунту прадмесьцяў” для саміх імігрантаў. Францускі Сэнат прыняў закон згодна зь якім імігранты не атрымаюць сацыяльнай дапамогі для дзяцей, якія не нарадзіліся ў Францыі.

Жорсткая палітыка ў дачыненьні да імігрантаў выразна падабаецца францускаму грамадзтву. Больш як палова французаў лічыць, што трэба дэпартаваць з краіны адказных за хваляваньні і гвалт, і не пускаць іхных блізкіх у краіну нават у рамках узьяднаньня сем''яў.
XS
SM
MD
LG