Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТВЛ заклікае пісьменьнікаў да салідарнасьці


Вінцэсь Мудроў, Полацак У пісьменьніцкім асяродзьдзі не сьціхаюць размовы наконт стварэньня прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў. Многія бачаць за ўсім гэтым спробу зьліквідаваць адзін з апошніх бастыёнаў беларушчыны, якім зьяўляецца дзейны пісьменьніцкі саюз. У зьвязку з тым Таварыства Вольных Літаратараў (ТВЛ) зьвярнулася сёньня зь пісьмовай адозвай да кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Зьвяртаючыся да калегаў па пісьменьніцкім цэху, сябры Таварыства Вольных Літаратараў выказваюць ім сваю поўную прадтрымку і заклікаюць мацаваць адзінства і салідарнасьць здаровых сілаў грамадзтва.

“Не здавайцеся, — гаворыцца ў адозьве, — не пускайце ў свае сэрцы адчай. Ніхто ня здольны зьмяніць гісторыю, альбо павярнуць яе хаду ў адваротны бок. Беларусь была і будзе. Будзе таксама і беларуская літаратура”.

Згаданае Таварыства мае рэспубліканскі статус і ўтворанае ў 1993 годзе ў Наваполацку. Колькасна яно нешматлікае, але даволі актыўнае. Пры гэтым яго сябры не ўваходзяць у Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Пра тое, што прымусіла тэвээлаўцаў зьвярнуцца да сваіх калегаў зь пісьмовай адозвай, распавядае каардынатар Таварыства Вольных Літаратараў Алесь Аркуш:

(Аркуш: ) “Наагул, стварэньне новых саюзаў — нармальная зьява. Так свойчас утварылася ТВЛ. Але гэтым разам зьявілася арганізацыя, якую стварылі ня самі пісьменьнікі, а ідэалягічныя аддзелы аблвыканкамаў. І таму відавочна, што гэта палітычная зьява, і яе мэта — раскалоць пісьменьніцкую еднасьць і зьліквідаваць той пісьменьніцкі саюз, які знаходзіцца ў апазыццыі сёньняшняму рэжыму”.

Ну а як ставяцца да ўсіх гэтых закалотаў сябры пісьменьніцкага зьвязу, якіх на Полаччыне шэсьць чалавек? Ніхто зь іх запрашэньня на ўстаноўчы зьезд новай арганізацыі не атрымліваў, і гэты факт сьведчыць пра іхную грамадзянскую пазыцыю. Вось што сказаў нам празаік Лявон Неўдах:

(Неўдах: ) “Права кожнага чалавека — уваходзіць у той ці іншы саюз. Ну, не падабалася некаторым членам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў знаходзіцца ў гэтым, яны пайшлі і стварылі другі саюз. Усё гэта на іхным сумленьні. Але яны павінныя былі загадзя выйсьці з нашага саюзу, а потым ужо ўтвараць новы”.

Пісьменьніца Ірэна Жарнасек выказалася вобразна:

(Жарнасек: ) “Па-сутнасьці, у Беларусі распаленае вялізнае вогнішча, у якім гараць нашая мова, літаратура, культура. Усё ахоплена чырвона-зялёным полымем. І вельмі сумна, што многім, так бы мовіць, “інжынэрам чалавечых душаў” захацелася на ім паскакаць, у надзеі выскачыць зь яго неабсмаленымі. Словам, выбар зроблены. Хочацца быць паслугачамі — няхай служаць. Я думаю, што нам цяпер трэба захаваць сваю арганізацыю — Саюз беларускіх пісьменьнікаў”.

Зьнешнія спасылкі • Блог: навіны ТВЛ
XS
SM
MD
LG