Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Рэпартэры бязь межаў" хочуць ведаць, хто забіў беларускага журналіста


RFE/RL Міжнародная арганізацыя "Рэпартэры бязь межаў" заклікала беларускія ўлады правесьці сур''ёзнае расьсьледаваньне абставінаў сьмерці журналіста Васіля Гроднікава.

18 кастрычніка сёлета ён быў знойдзены мёртвым у сваім доме ў Заслаўлі. На наступны дзень брат Васіля Гроднікава заявіў, што на Васіля ў студзені сёлета быў зроблены замах, і што ён быў забіты з-за сваёй працы ў газэце “Народная Воля”.

Арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” зьвяртае ўвагу на зьяўленьне новых фактаў у справе, у заяве арганізацыі адзначаецца, што Гроднікаў працаваў над артыкулам "Кідалы-3", прысьвечаным кватэрным махінацыям, і што ў нататніку, які ляжаў на стале ў доме Гроднікава, быў накіданы плян артыкулу з рабочай назвай "Забраніраваны офіс, альбо Некалькі бескампрамісных пытаньняў прэзыдэнту рэспублікі і яго падначаленым службам".

Сьледчы пракуратуры Дзьмітры Кірыльчык, які вядзе сьледзтва па гэтай справе, заявіў прадстаўнікам "Рэпартэраў", што папярэдняе расьсьледаваньне можа быць завершана да 18 сьнежня. Але рашэньне ці заводзіць крымінальную справу, можа быць прынятае і да гэтай даты.

"Рэпартэры бязь межаў" у сваёй заяве адзначаюць, што у справе расьсьледаваньняў забойства Веранікі Чаркасавай ў кастрычніку 2004 года і зьнікненьне ў ліпені 2000 года апэратара Збмітра Завадзкага прагрэсу няма.
XS
SM
MD
LG