Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: ці магчымая ў Беларусі аранжавая рэвалюцыя?


Іна Студзінская, Менск Украіна адзначае першую гадавіну памаранчавай рэвалюцыі. Ці магчымае рэвалюцыйнае разьвіцьцё падзеяў у Беларусі? Менчукоў распытвала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці магчымая якая-небудзь каляровая рэвалюцыя ці проста рэвалюцыйныя падзеі ў Беларусі?”

(Юнак: ) “Магчыма, канечне. Усё залежыць ад апазыцыі, як яна будзе свае дзеяньні рэгуляваць. Калі пачнуцца такія ж хваляваньні, як ва Ўкраіне, думаю, будзе тое самае”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што не. Таму што Лукашэнка ўжо доўга ў нас кіруе, і ніхто на ягоны трон не пасягне”.

(Юнак: ) “Думаю, што не. У нас народ не зьбярэцца. А калі і зьбярэцца, будзе вельмі мала людзей, і нічога не атрымаецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці магчымае нейкае рэвалюцыйнае разьвіцьцё падзеяў у Беларусі?”

(Спадар: ) “Хочацца верыць…”

(Спадар: ) “Хутчэй за ўсё, не. У нас людзі вельмі мёртвыя ў маральным пляне”.

(Карэспандэнтка: ) “А што іх можа абудзіць?”

(Спадар: ) “Задумвацца проста трэба. У нас вельмі жорсткая сыстэма”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, у нас такое немагчыма”.

(Спадар: ) “А я ня надта цікаўлюся палітыкай, таму ня ведаю”.

(Спадар: ) “На маю думку, гэта не пажадана. Мяне задавальняе і такое разьвіцьцё нашай краіны. Нам не патрэбны рэвалюцыі”.

(Спадар: ) “Думаю, што не. Нам “бацька” не дазволіць такога зрабіць”.

(Спадар: ) “Я думаю, наш народ нашмат разумнейшы. У нас можа штосьці новае быць, але без рэвалюцыяў, хваляваньняў”.

(Спадарыня: ) “Немагчыма, прэзыдэнт не дазволіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Але там таксама прэзыдэнт Кучма не дазваляў…”

(Спадарыня: ) “У нас усё нашмат горш у гэтым пляне”.

(Спадар: ) “Немагчыма. “Бацька” заціскае ўсё, таму ніяк. У нас столькі структураў сілавых, спэцслужбаў, міліцыі! Не дадуць. А хацелася б”.

(Юнак: ) “Усё залежыць ад ураду, як ён вырашыць”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж рэвалюцыі зьдзяйсьняе ня ўрад, а народ”.

(Юнак: ) “Калі трэба будзе ваяваць — пайду ваяваць. За сваіх пайду”.

(Спадар: ) “Я думаю, што немагчыма гэта”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаму?”

(Спадар: ) “Пакуль у нас гэты прэзыдэнт ёсьць, няхай ён і застанецца. Мне ён падабаецца”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, наўрад ці. Таму што наш дзяржаўны галоўны орган і міліцыя гэтага не дапусьцяць. І моладзь, мне падаецца, у нас больш спакойная, зацікаўленая ў справах дзяржавы, чым займацца гэтым бяспраўем. Так што наўрад ці ў нас будзе нешта падобнае. Не хацелася б”.

(Спадарыня: ) “Не патрэбная нам рэвалюцыя, і гэта немажліва. Таму што ў нас усё добра і так”.
XS
SM
MD
LG