Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі памаранчавай рэвалюцыі: Беларусь дачакаецца сваёй рэвалюцыі


Уладзімер Глод, Менск У гэтым перакананая абсалютная бальшыня тых беларусаў, што сталі непасрэднымі сьведкамі памаранчавай рэвалюцыі, якая роўна год таму пачалася з кіеўскага Майдану. Якія ўспаміны засталіся ў прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі ад леташніх падзеяў, ці вераць яны ў магчымасьць рэвалюцыі ў Беларусі?

Студэнт Мікіта Красноў прабыў на Майдане некалькі тыдняў. Ён упэўнены, што і беларускі Майдан магчымы:

(Красноў: ) “Я думаю, што такое магчыма. Але ж для гэтага трэба, каб беларусы былі да гэтага падрыхтаваныя і адчулі патрэбу для зьменаў. Я ўпэўнены, што такі Майдан у Беларусі будзе абавязкова. Адзінае пытаньне — гэта пытаньне часу, калі ён будзе”.

Выканаўчы сакратар ініцыятывы “Згода” Аляксандар Зялко паўмесяца быў непасрэдным сьведкам рэвалюцыйных падзеяў ва Ўкраіне. На ягоную думку, для перамогі дэмакратыі там шмат зрабіў 5-ты тэлеканал. І хаця ў Беларусі такога моцнага сродку ўплыву дэмакраты ня маюць, спадар Зялко лічыць, што нешта падобнае можа адбыцца і ў Менску:

(Зялко: ) “Людзі ўжо разумеюць, што свой голас трэба абараняць. І яшчэ яны разумеюць, што Беларусь вартая лепшай долі. Я веру, што ў наступным годзе ў нас будзе нейкі паўтор...”

Ва Ўкраіне, падкрэсьліваюць некаторыя аналітыкі, рэвалюцыя атрымалася таму, што там частка намэнклятуры падтрымала дэмакратаў. А ці магчыма такое ў Беларусі? Віталь Паскевіч, які таксама год таму быў ва Ўкраіне, лічыць, што і пэўная частка беларускай намэнклятуры адыдзе ад Аляксандра Лукашэнкі:

(Паскевіч: ) “У нас шмат намэнклятуры таксама, калі адчуе моц, выступіць на баку дэмакратыі. Прыкладам, ёсьць шмат знаёмых у самых вялікіх вярхах, якія згодныя выступіць. Але ж яны хочуць адчуць нейкую моц, за якой можна ісьці”.

Аднак ня ўсе сьведкі ўкраінскіх падзеяў згодныя з такой думкай. Кіраўнік суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Жодзіне Аляксандар Валчанін на маё пытаньне, ці магчымы паўтор украінскага сцэнару ў Беларусі, адказвае адмоўна:

(Валчанін: ) “Не, не. Я цьвёрда перакананы, што ў нас гэтага ня будзе”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму?”

(Валчанін: ) “Я бачу толькі адно — прыбраць палову чыноўнікаў і палову апазыцыі. Вось добра б было. Бо чыноўнікам людзі, якія маюць добрую адукацыю, вялікі досьвед, непатрэбныя. А што тычыцца апазыцыі, дык палова яе малапрафэсійная. Апазыцыя сама сябе не рыхтуе да прафэсійнай дзейнасьці. Хоць гэта і гучыць жорстка, але так яно і ёсьць”.

Вяртаючыся да падзеяў, што пачаліся ва Ўкраіне год таму, адзначым — на самым пачатку мала хто наагул верыў, што з гэтай акцыі нешта атрымаецца. Але ж атрымалася! І таму Віталь Паскевіч гаворыць, што ён верыць у эстафэту, што пойдзе ад Украіны ў Беларусь. Бо ўсё пачыналася на Майдане:

(Паскевіч: ) “Розныя людзі падыходзілі і проста выклікалі сьлёзы радасьці. Калі мы зь бел-чырвона-белым сьцягам хадзілі па Майдане, людзі крычалі: “Дарогу сябрам!” Натоўп вельмі вялікі быў і таму крычалі: “Дарогу сябрам!”
XS
SM
MD
LG