Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры Аўтуховіча ня вераць, што яго стан здароўя здавальняючы


Міхал Карневіч, Горадня Турэмны наглядчык гарадзенскай турмы сёньня ўзяў у якасьці перадачы для Мікалая Аўтуховіча некалькі нумароў газэты “Народная воля”. Сябры Аўтуховіча, якія прынесьлі яму перадачу, ня ўпэўненыя ў тым, што ён зможа прачытаць незалежную прэсу.

На 40-ы дзень галадоўкі Мікалая Аўтуховіча ў Горадню зь перадачай для яго прыехалі з Ваўкавыску чатыры ягоныя сябры. Яны, дарэчы, на знак салідарнасьці зь ім таксама галадаюць ужо дзявятыя суткі. А ўсяго ў Ваўкавыску галадае сем чалавек. У якасьці перадачы яны прывезьлі толькі сьвежыя газэты і жуйкі, паколькі ад усяго іншага Мікалай Аўтуховіч адмаўляецца. Яны кажуць, што найбольш Аўтуховіч патрабуе менавіта незалежных газэтаў. Сёньня, на дзіва, наглядчык, прагледзеўшы прэсу, узяў усе газэты. Сярод іх былі і чатыры апошнія нумары “Народнай волі”, а таксама “Комсомольская правда” і “Известия”. Раней “Народную волю” для Аўтуховіча ў якасьці перадачы не прымалі. Кажа Людміла Парэмская:

(Парэмская): “У мяне “Народную волю” не прымалі. Але на мінулым тыдні, калі я паклала яму “Местную газету”, дзе быў зьмешчаны матэрыял аб яго справе, бачыла, як іншыя перадавалі некаму цэлы пачак “Народнай волі” і ў іх узялі”.

Аднак, як высьветлілася пазьней, ад “Местной газеты” для Аўтуховіча перадалі толькі вокладкі, а ўнутраныя старонкі з матэрыяламі да яго не дайшлі. Таму і цяпер сябры Аўтуховіча ня ўпэўненыя ў тым, што яму давядзецца прачытаць сьвежыя нумары незалежнай газэты. Аднак найбольш сяброў Аўтуховіча абурае тое, што турэмнае начальства сьцьвярджае, быццам у яго здавальняючы стан здароўя. Людміла Парэмская кажа, што ня можа быць у чалавека нармальны стан здароўя пасьля пяці тыдняў галадоўкі:

(Парэмская): “Ну як чалавек можа быць здаровы, калі ён галадае пяць тыдняў. Нават калі бярэцца аналіз крыві, то гемаглябін ужо будзе паніжаны, дык як ён можа быць здаровым? Ён п’е толькі ваду, але не ўжывае ніякіх вітамінаў – дык адкуль могуць быць добрыя аналізы?”

Яшчэ Людміла Парэмская сказала, што ў Ваўкавыску кожны дзень ёй тэлефануе 14-гадовая дачка Мікалая Аўтуховіча Каця і пытаецца пра стан свайго бацькі. Людміла Парэмская кажа, што дзяўчынка хоць і стараецца выглядаць спакойнай, відавочна моцна хвалюецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG