Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асобныя моманты менскай біяграфіі Освальда застаюцца загадкавымі і сёньня


Ігар Карней, Менск 22 лістапада 1963 году два стрэлы ў Даласе літаральна шакавалі амэрыканцаў: быў забіты лідэр, які за кароткі час стаў надзвычай папулярным і паважаным. Яшчэ праз некалькі дзён на вачох мільёнаў тэлегледачоў быў застрэлены галоўны падазраваны ў забойстве – Лі Харві Освальд. І менавіта тады ва ўсім сьвеце даведаліся пра Менск: увага сотняў сьледчых, журналістаў, палітолягаў засяродзілася на беларускай сталіцы, дзе за жалезнай заслонай халоднай вайны цягам двух год жыў Освальд. Ігар Карней спрабаваў сыстэматызаваць некаторыя старонкі жыцьця Освальда ў Беларусі.

Перадусім – чаму менавіта Менск быў абраны адпаведнымі органамі для жыцьця Освальда? Адной з вэрсій дасьледчыкі называюць такую: ня гледзячы на зручны момант, спэцслужбы не разглядалі Освальда ў якасьці свайго патэнцыйнага агента, але адначасна дэманстравалі пэўны недавер: на ўсялякі выпадак, няхай жыве далей ад Масквы. У Менску Освальд адразу ж атрымаў прывілеі: 5 тысячаў рублёў на кішэнныя выдаткі, бясплатную кватэру ў цэнтры гораду і месца на Беларускім радыётэлевізыйным заводзе, дзе куратарам да яго быў прыстаўлены Станіслаў Шушкевіч. Праўда, ужо пасьля першага месяцу ён у сваім дзёньніку піша: праца надакучыла манатоннасьцю, а грошай няма на што траціць – ні начных клюбаў, ні боўлінгу. Неўзабаве Освальд вырашае вярнуцца ў Штаты. Але ад’езд адтэрміноўваецца амаль на два гады: нечакана ў ягоным жыцьці зьявілася 18-гадовая Марына Прусакова. Каханьне вянчаецца шлюбам і нараджэньнем дачкі. Дагэтуль Прусакова жыла ў Ленінградзе, а калі памерла маці, уцякла ад айчыма да дзядзькі і цёткі ў Менск. У сваю чаргу, Валянціна і Ільля Прусаковы прынялі пляменьніцу з радасьцю, паколькі сваіх дзяцей ня мелі.

Аднак дакладна можна казаць, што куды зь меншай радасьцю быў прыняты амэрыканскі кавалер Марыны. Дарэчы, падпалкоўнік Прусакоў урэшце пацярпеў ад таго сваяцтва: пасьля трагічных падзеяў у Даласе ў лістападзе 1963 году ён быў звольнены з ворганаў. Колісь мне расказвала сама Валянціна Прусакова, што зьяўленьне ў сям’і амэрыканца выклікала ў мужа ні з чым не параўнальную рэакцыю. Яно і зразумела: кадравы афіцэр, кіраўнік аднаго з упраўленьняў МУС БССР ніяк ня мог успрыняць такое сваяцтва. А калі вясной 1962-га маладыя пачалі рыхтавацца да ад’езду ў ЗША, Прусакоў канчаткова спыніў кантакты і з пляменьніцай, і з Алікам (так на беларускі манер называлі ў сям’і Лі Харві). Дый цётка пачула голас пляменьніцы па тэлефоне толькі праз 30 гадоў, у пачатку 1990-х, ужо пасьля сьмерці мужа. Між іншым, многія з тых, каму давялося пазнаёміцца з Освальдамі, дагэтуль узгадваюць эфэктную маладую пару. Расказвае Тамара Санкоўская, якая працавала з Марынай у аптэцы 3-га клінічнага шпіталю.

(Санкоўская:) “Канечне, ён быў ня ў прыклад нашым хлопцам: выхаваны, ветлівы. Марыну, натуральна, гэта прыцягвала. Бо яна ўсё ж была адзінокая: менскія дзядзька і цётка – гэта не бацькі. Хоць, зь іншага боку, каб яна была старэйшая, можа і не зрабіла такога ўчынку, можа не ад’ехала б. Але ў іх ужо было дзіця, яны з дачкой ехалі”.

Практычна ніхто зь менскіх знаёмых Освальда ня верыць, што ён мог забіць амэрыканскага прэзыдэнта. І таму што меў характар не забойцы, і таму, што Освальд часта кпіў з Хрушчова, а пра Кенэдзі гаварыў толькі з павагаю. Як зрабіла выснову спадарыня Санкоўская, заставацца ў Саюзе назаўсёды ён таксама не зьбіраўся, што пацьвярджаюць такія яго словы: “Калі ў мяне ў Савецкім Саюзе народзіцца сын, то ён ніколі ня здолее стаць прэзыдэнтам ЗША”. Спадарыня Санкоўская лічыць, што Лі Харві трапіў паміж двух агнёў – пад пільнае вока КДБ з аднаго боку; ЦРУ і ФБР – зь іншага.

(Санкоўская:) “Канечне, ён ахвяра. Тое, што ён нібыта мае адносіны да забойства, дык і я, і ўсе, хто працавалі з Марынай, ніводнай хвіліны не сумняваліся: ён да гэтага ня мае ніякага дачыненьня. Таму што быў занадта легкадумны для такіх мэтаў. Марына таксама маладая, нявопытная была. Мы, калі яна сабралася ад’яжджаць, угаворвалі ня ехаць. Але яна мне сказала: “Калі б вашага мужа кудысьці перавялі – вы б за ім паехалі?”. Я ў адказ: дык я мужа ведаю колькі гадоў, а ты Аліка амаль не – што з вамі і як будзе?”.

Увогуле пасьля ад’езду ў ЗША Марына Прусакова была ў Менску толькі двойчы – дзесьці ў сярэдзіне 1990-х разам з новым мужам Кэнатам Портэрам і роўна чатыры гады таму: 2001-м, даведаўшыся пра цяжкую хваробу цёткі, Марына з дачкой Джун, якая ў 1962 годзе нарадзілася ў Менску і ад таго часу больш тут не была, прыехалі ў Беларусь. Жылі амаль інкогніта, ні зь кім не сустракаліся, даглядалі за Валянцінай Гур’еўнай. Вось што расказвала тады, якраз 22 лістапада 2001 году, сама Валянціна Прусакова.

(Прусакова:) “Яна сама прыехала, з уласнага жаданьня, ніхто яе не прасіў. Прыехалі і два месяцы за мной даглядалі, вазілі мяне на таксоўцы ў аддзяленьне анкалёгіі каля Акадэміі навук... Што да свайго жыцьця, то Марына сказала: я перажыла шмат, але цяпер існую толькі ў сваёй прасторы – у мяне дзеці, унукі, я ўсё ім перадаю. Хоць у гэты дзень там абавязкова будуць паказваць пра Аліка – гэта кожны божы год адбываецца, які год тэлевізар ня ўключыш. Адзінае, што можа пасьля той трагедыі, якая 11 верасьня ў іх здарылася, меней увагі будуць надаваць…”.

Пазалетась Валянціна Прусакова памерла. І той візыт Марыны Прусаковай у Менск, відавочна, таксама быў апошні: пасьля сьмерці любімай цёткі Марыну з Беларусьсю ўжо нічога не зьвязвае. А вось на новай радзіме, у Тэхасе, у яе дзьве дачкі ад забітага Освальда, сын ад новага мужа Кэна Портэра і шасьцёра ўнукаў.

Такім чынам, чатыры дзесяцігодзьдзі асоба забойцы Кэнэдзі і прычыны злачынства застаюцца адной з гучных загадак палітычнай гісторыі ХХ стагодзьдзя. Увесь гэты час падазраваным застаецца Лі Харві Освальд – 24-гадовы амэрыканец з Новага Арлеану. Але адмысловая камісія Ўорэна, якая спрабавала дасьледваць справу, так і не знайшла пераканаўчых фактаў, якія б засьведчылі, што менавіта Освальд і ёсьць забойцам прэзыдэнта. Адна з прычынаў – немагчыма дакладна аднавіць асобныя моманты ягонай біяграфіі. Перадусім, гэта тычыцца менскага пэрыяду, аб які спатыкаюцца дзесяткі дасьледчыкаў з усяго сьвету. Матэрыялы аб жыцьці Освальда ў Менску да гэтага часу не рассакрэчаныя і знаходзяцца ў КГБ Беларусі.
XS
SM
MD
LG