Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Васіль Быкаў пра забойства Кенэдзі (з архіву “Свабоды”)


Аляксандар Лукашук, Менск 22 лістапада 1963 году быў забіты Прэзыдэнт ЗША Джон Ф. Кенэдзі. Паводле афіцыйнага сьледзтва камісіі Ўорэна, забойца – Лі Харві Освальд, які ў пачатку 1960-ых жыў у Менску. У 1993 годзе супрацоўнік “Свабоды” Аляксандар Лукашук рыхтаваў перадачу да 30-годзьдзя трагедыі ў Даласе. Пад час гутаркі з Васілём Быкавым ён папрасіў пісьменьніка прыгадаць свае адчуваньні ў тыя дні

(Лукашук: ) Ці памятаеце Вы 1963 год, калі забілі Джона Кенэдзі, і што гэта значыла для Вас тады, у тыя гады? Чужая краіна, “вораг” Амэрыка, забіты прэзыдэнт... І – Вашы адчуваньні?

(Быкаў: ) “Мае адчуваньні былі... Самае першае было -- гэта пытаньне: хто? Чыіх рук гэта справа? І канешне, мне тады ўжо здалося, хаця я ня меў ніякіх зьвестак, ніякіх матэрыялаў, але здалося, што гэта справа рук КГБ. Я думаў, што бяз іх гэта не абышлося. А пасьля, калі пачалася раскручвацца гэтая справа, і выявіўся тут Освальд, і яго лёс прывёў у Менск, -- я зразумеў, што канешне, інакш і быць не магло! Інакш і быць не магло. Справа толькі ў тым, што гэтыя самыя спэцыялісты, чэкісты, яны ж умеюць хаваць канцы. У іх паралельна з распрацоўкай апэрацыі ідзе распрацоўка й таго, як схаваць канцы ў ваду. І вось, відаць, так здорава схавалі, што нічога зразумець дагэтуль немагчыма”.

(Лукашук: ) Васіль Уладзіміравіч, а вось Вашы адчуваньні ад таго, што загінуў прэзыдэнт чужой, варожай краіны? Я маю на ўвазе, што гэта ўсё ж такі была яшчэ пара, хоць можа быць і не такой жалезнай, як пры Сталіне, але ўсё ж такі жалезнай заслоны...

(Быкаў: ) “Ну, я скажу, што не было ў мяне з гэтай нагоды ні радасьці, ні вялікага смутку. Таму што... Радасьці не было – бо я тады не адчуваў Амэрыку як варожую, ці патэнцыйна варожую краіну. А смутку не было таму, што ўсё-такі гэта была чужая краіна, з чужымі праблемамі, а ў нас, дзякуй Богу, тады сваіх праблем было... І ў мяне асабіста праблем было такая вялікая колькасьць, што ў мае эмоцыі ўжо іншыя проста не маглі паўнапраўна ўлезьці, уторкнуцца ... “
XS
SM
MD
LG