Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія чэкісты абарвалі маркі з ліставаньня Лі Харві Освальда


Сяргей Навумчык, Прага У 1992 годзе да мяне як да тагачаснага дэпутата ВС зьвярнулася група амэрыканскіх журналістаў з просьбай паспрыяць атрымаць доступ да справы Лі Харві Освальда, якая захоўваеца ў КГБ Беларусі. Просьба была падмацаваная лістом сэнатараў ЗША. Я зьвярнуўся да Старшыні ВС Станіслава Шушкевіча; падрабязнасьці перамоваў апускаю, але ў выніку мне далі патрымаць у руках справу Лі Харві Освальда – на некалькі хвілінаў.

Гэта некалькі таўшчэзных тамоў. Адзін зь іх складаўся з перапіскі КГБ з рознымі дасьледчыкамі, якія зьвярталіся з просьбай пазнаёміцца са справай (мой ліст з рэзалюцыяй Шушкевіча быў на той момант апошнім), другі – з копіяў данясеньняў у ЦК КПСС і на Лубянку пасьля стрэлаў у Даласе, калі Масква запатрабавала інфармацыю пра Освальда.

Самымі цікавымі, бясспрэчна, былі тамы, дзе ўтрымліваліся матэрыялы гэтак званай “апэратыўнай распрацоўкі” Освальда. Чэкісты праслухоўвалі кватэру ў доме над Нямігай і ўдзень, і ўначы; корпаліся ў сьметніцах, дзе, сярод пабытовых адкідаў знаходзілі скамечаныя чарнавікі Освальда. У адным з канвэртаў былі дзесяткі нэгатываў патаемных фотаздымак вясельля Освальда і Марыны Прусаковай. КГБ сабрала ўсе дакумэнты, якія тычыліся Освальда – у тым ліку мэдычную картку, заявы ў домакіраўніцтва... Захоўваліся і лісты, якія Освальд атрымліваў з Амэрыкі. Паколькі гэта былі арыгіналы можна меркаваць, што лісты тыя да адрасата не даходзілі. Былі там і лісты, якія Освальд пасьля вяртаньня ў ЗША слаў у Менск сябрам.

Зьдзівіла, што на канвэртах не было паштовых марак -- відаць, што нехта з чэкістаў быў аматарам філятэліі. Зрэшты, сапраўдны філятэліст акуратна адклеіў бы марку – на канвэртах жа Освальда маркі былі выдраныя з кавалкамі паперы. Напэўна, чэкіст рваў маркі для сына ці дачкі, ды пры гэтым сьпяшаўся; пабачыў бы начальнік -- не пахваліў бы. Цяпер такія маркі калі і захаваліся ў клясэрах менскіх калекцыянэраў, дык каштуюць даляры аж два – ніхто ж ня ведае, чый язык іх кранаў. Аўтографы ж Освальда, калі зрэдку зьяўляюцца на амэрыканскіх аўкцыёнах, прадаюцца за дзесяткі тысяч даляраў. Ня тое чэкіст паклаў ў кішэню...

Але найбольшы аб’ём справы складаюць данясеньні саксотаў пра паводзіны Освальда. І як мне патлумачыў тагачасны першы намесьнік Старшыні КГБ Генадзь Лавіцкі, менавіта гэтыя самыя данясеньні і не дазваляюць рассакрэціць справу – КГБ не выдае прозьвішчы сваіх агентаў. “А калі прозьвішчы схаваць?” – запытаўся я. “Дык па ўскосных прыкметах іх ўсё роўна лёгка будзе вылічыць” – адказаў генэрал. І дадаў, што за ўсе гады існаваньня ягонай “канторы” ніводзін з агентаў ніколі ня быў выдадзены – аж з 1918 года. Выглядае, што час рассакрэчваньня гэтай справы – наперадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG