Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь зноў прыехалі расейскія журналісты


Міхал Стэльмак, Менск Гэта – не першы прыезд сюды расейскіх журналістаў. Як мне паведамілі ў беларускай амбасадзе ў Маскве, прадстаўнікі расейскіх мэдыяў прыехалі па запрашэньні ўладных структур Беларусі, сярод якіх і адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі. Таксама ў ліку арганізатараў значыцца Сталы камітэт так званай Саюзнай дзяржавы.

Паводле афіцыйных зьвестак, журналісты прадстаўляюць каля 80 сродкаў масавай інфармацыі і 59 рэгіёнаў Расеі. Што тычыцца мэты візыту, то, паводле афіцыйнай вэрсіі, журналістаў будуць знаёміць з унутрыпалітычнай і сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй у Беларусі. Вядомы і маршрут іх паездкі – Берасьцейская вобласць. Тут расейскіх журналістаў азнаёмяць з працай прадпрыемстваў “Савушкін прадукт”, “Брэсгазаапарат”, “Белавежскі”. Іх паездка ўключае таксама наведаньне мэмарыяльнага комплексу “Берасьцейская крэпасць”, парку “Белавежская пушча”. Дарэчы, мінулым разам, а гэта было каля месяца таму, расейскі “дэсант” наведаў Магілеўшчыну. У ліку тых, хто браў удзел у той паездцы, была Алена Кузьміна з расейскага гораду Ноўгарад, якая працуе ў мясцовай газэце “Новгородские ведомости”. Яна падзялілася такімі ўражаньнямі ад наведаньня Беларусі:

(Кузьміна: ) “У Магілёве былі. У Бабруйску былі. На “Белшыне” былі. У саўгасе былі. Былі ў адміністрацыях – у абласной, гарадзкой. Звычайнае жыцьцё я не разгледзела. Па пад’ездах пахадзіць, па крамах, сустрэцца са звычайнымі людзьмі я не пасьпела. На гэта, на жаль, не было часу”.

Расейскія журналісты ў цэлым разумеюць, што іх выкарыстоўваюць у якасьці прапагандыстаў беларускага ладу. Пра перавагі гэта ладу пішуць пераважна журналісты пракамуністычных мэдыяў. Многія абмяжоўваюццца кароткімі інфармацыямі пра такія паездкі. Намесьнік галоўнага рэдактара расейскага часопіса “Журналист” Віталь Чэлышаў так патлумачыў сітуацыю з прэс-турамі ў Беларусь:

(Чэлышаў: ) “Пра папярэднія прэс-туры я чуў розныя пункты гледжаньня. Казалі, што мы не сустрэліся з тымі, з кім хацелі б сустрэцца. З апазыцыйнымі журналістамі. Было меркаваньне, што людзей правезьлі па сьвядома акрэсьленым маршруце, паказалі тое, што хацелі паказаць. І ня больш таго”.

Дарэчы, паводле спадара Чэлышава, расейскія журналісты памятаюць, што некаторым зь іх, каму давялося прадстаўляць расейскія мэдыі у якасьці ўласных карэспандэнтаў у Беларусі, пацярпелі ад беларускіх уладаў. Той жа часопіс “Журналист” з гэтай нагоды прыняў адмысловую заяву, у якой выказаў пратэст дзеяньням Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэньня. У дакумэнце гучала, што цяперашняй беларускай уладзе “не патрэбная праўда” і што моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады ціск на расейскіх журналістаў ніколі не спыняўся. У прыватнасьці, у заяве згадвалася, як летась у Менску была затрыманая здымачная група тэлеканала “RenTV” толькі за тое, што яна мела намер падрыхтаваць сюжэт пра актывістаў моладзевага руху “Зубр”. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, беларускія ўлады імкнуцца ня мець зносінаў з тымі расейскімі журналістамі, якія спрабуюць аб’яктыўна асьвятляць падзеі ў Беларусі. Вось што зазначыў на гэты конт намесьнік старшыні Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Мы неаднаразова чулі з боку прадстаўнікоў беларускай улады выпады ў бок расейскіх журналістаў і дзеяньні, калі такія журналісты высылаліся з краіны, было, што й зачынялі прадстаўніцтвы. Зразумела, што да ўдзелу ў такіх паездках тыя выданьні, на падтрымку якіх яны разьлічваюць. Для таго і працуе беларуская амбасада ў Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG