Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька тлумачыць пракурору статус вэбсайту ucpb.org


Алесь Дашчынскі, Менск Перад сёньняшнім паседжаньнем штаба адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі ў пракуратуру Беларусі быў выкліканы старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька.

Двое супрацоўнікаў пракуратуры, Павал Радыёнаў і начальнік аддзелу Рыгор Шостак цягам гадзіны размаўлялі са спадаром Лябедзькам.

Паводле прэсавай службы пракуратуры, палітык быў выкліканы “для дачы тлумачэньняў”, “ніякай крымінальнай справы не заводзілася”. Прадстаўнікі пракуратуры цікавіліся публікацыяй 2 лістапада на вэб-сайце АГП (www.ucpb.org).

На вэб-старонцы, якой зацікавіліся ў пракуратуры, гаворыцца, што “генпракурор Пётра Міклашэвіч напісаў кіраўніку краіны службовую запіску пра катастрафічнае становішча, якое склалася ў сыстэме пракуратуры”.

(Лябедзька: ) “Ну, што іх цікавіла – крыніцы інфармацыі і прозьвішча чалавека, які пісаў гэтую інфармацыю. Справа ў тым, што паміж АГП і сайтам няма юрыдычных, прававых стасункаў. Няма рашэньня, што сайт створаны рашэньнем Палітычнай рады ці Нацыянальнага камітэту.

Гэта самастойны суб''ект, які створаны нашымі прыхільнікамі. Мы прыхільна ставімся да таго, што там разьмяшчаецца, якая там ідзе інфармацыя. У нас прэтэнзій няма. Калі яны ёсьць у пракуратуры, то гэта справа пракуратуры.

Я ня ведаю, якая будзе далейшая пэрспэктыва, але я ня думаю, што мае адказы задаволілі пракуратуру. Я думаю, што яны шукаюць нейкія зачэпкі, каб перакрыць дзейнасьць некантралюемых інфармацыйных рэсурсаў альбо хочуць аказаць нейкае псыхалягічнае ўзьдзеяньне на кіраўніцтва АГП”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG