Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” можа друкавацца, але не распаўсюджвацца


Любоў Лунёва, Менск Гаспадарчы суд Менску не задаволіў пазоў газэты “Народная Воля” да “Менаблсаюздруку”. Рэдакцыя газэты намагалася праз суд адмяніць скасаваньне дамовы аб распаўсюдзе “Народнай Волі” сеткай шапікаў дзяржаўнай структуры.

У судзе прадстаўнік “Народнай Волі” Гары Паганяйла заявіў судзьдзі Нэлі Арлоўскай адвод. Ён паставіў пад сумнеў аб''ектыўнасьць судзьдзі, спаслаўшыся на тое, што яна раней разгледзіла аналягічныя пазовы газэты да “Менсаюздруку” і “Белсаюздруку” не на карысьць рэдакцыі. Паўтары гадзіны спатрэбілася старшыні суду, каб адхіліць адвод.

Судзьдзя заслухала ўсе аргумэнты і зрабіла акцэнт на тым, што “Менаблсаюздрук” – гэта структура, якая аказвае паслугі, і прымусіць яе немагчыма.

Камэрцыйная дырэктарка “Народнай Волі” Яўгенія Церахава лічыць, што для незалежных выданьняў праблема палягае ў тым, што “Саюздрук” – адзіная дзяржаўная манапольная структура ў краіне.

(Церахава: ) “У Беларусі няма альтэрнатыўнай сеткі. Таму мы заўсёды і зьвярталіся ў гэтую арганізацыю па паслугі. Другой няма. “Белсаюздрук”, “Менсаюздрук”, “Менаблсаюздрук” – усе “Саюздрукі” манапалісты. Трэба ствараць сетку, каб распаўсюджваць незалежныя выданьні. Хто гэта будзе рабіць? Нам гэта не па сілах. У нас няма грошай. Грошы ўсім патрэбныя, каб іх зарабляць. Напярэдадні выбараў прэзыдэнта ніводнае незалежнае выданьне ня будзе існаваць. Усе незалежныя выданьні будуць зьнішчаюцца любымі сродкамі”.

Гары Паганяйла ўпэўнены, што ўлады правялі скаардынаваную акцыю, скіраваную на зьнішчэньне газэты.

(Паганяйла: ) “Праблема высмактана з пальцу. Яна магла быць вырашана шляхам перамоваў у тым выпадку, калі, сапраўды, ёсьць нейкія перашкоды для распаўсюду выданьня. Але нават у тым выпадку ўнітарнае прадпрыемства мусіла б зьвярнуцца ў суд, а не раптоўна скасоўваць дамову. Пасьля трох судоў для нас абсалютна зразумела, што гэта скаардынаваная акцыя не гаспадарчых суб’ектаў, а выканаўчай улады, якая кіруе гэтымі прадпрыемствамі”.

Судзьдзя Нэла Арлоўская, якая адмовіла ў пазовах да ўнітарных прадпрыемстваў “Саюздруку”, раней вынесла рашэньне аб тым, што “Народная Воля” можа друкавацца ў “Чырвонай зорцы”.

Парадокс у тым, што надрукаваную газэту цяпер няма як распаўсюдзіць. У каталёгу “Белпошты” на 2006 год “Народнай Волі” таксама няма. Пры гэтым газэта лічыцца афіцыйна не ліквідаванай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG