Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Украіна і Грузія адзначаюць угодкі рэвалюцый


Юрась Бушлякоў, Прага 22 лістапада ва Ўкраіне адзначаць першую гадавіну аранжавай рэвалюцыі. А на сераду, 23 лістапада, прыпадае другая гадавіна грузінскай рэвалюцыі ружаў. Украінскі й грузінскі прэзыдэнты Віктар Юшчанка й Міхаіл Саакашвілі прыйшлі да ўлады ў атмасфэры значнага грамадзкага ўздыму, імкненьня людзей да пераменаў. Як ацэньваюць сёньня ўкраінцы й грузіны палітычную й эканамічную сытуацыю ў сваіх краінах?

Прамінулы пасьля Юшчанкавага трыюмфу год наўрад ці можна назваць спакойным. У верасьні Ўкраіну скалануў палітычны крызіс – прэзыдэнцкае атачэньне вінавацілі ў карупцыі. Юшчанка прызнаў, што фактычна палова ўкраінскай эканомікі застаецца па-за кантролем уладаў. Паводле сацыёлягаў, значная частка ўкраінцаў лічыць, што іх матэрыяльнае становішча за апошні год пагоршылася.

Гаворыць супрацоўнік Цэнтру эканамічных і палітычных дасьледаваньняў імя Аляксандра Разумкова, кіеўскі сацыёляг Андрый Бычэнка:

(Бычэнка: ) “Нізкія зарплаты й пэнсіі плюс высокія цэны – гэта на цяперашні момант найбольшыя праблемы ва Ўкраіне, на думку насельніцтва. 21 працэнт насельніцтва лічыць, што эканамічная сытуацыя ў краіне ў цэлым палепшылася, 42 працэнты лічаць, што пагоршылася”.

Падобныя настроі пераважаюць і ў Грузіі. Паводле апытаньня базаванага ў ЗША дасьледчага інстытуту “InterMedia”, 66 працэнтаў жыхароў Грузіі застаюцца незадаволеныя станам эканомікі краіны, больш як палова грузінаў лічыць, што іх жыцьцё не палепшылася за два гады, якія мінулі пасьля рэвалюцыі ружаў.

Пэўнае расчараваньне пасьлярэвалюцыйным разьвіцьцём падзеяў выказваюць і ў Грузіі, і ва Ўкраіне й некаторыя прадстаўнікі нацыянальных элітаў, якія актыўна падтрымлівалі працэс зьмены ўлады.

Давіт Зурабішвілі, у мінулым праваабарончы актывіст, стаў на бок Саакашвілі ў самы розгар рэвалюцыі ружаў. Сёлета ў жніўні на знак пратэсту супраць кантравэрсійнага арышту тэлевізійнага журналіста Зурабішвілі выйшаў з праўрадавай парлямэнцкай групы.

Зурабішвілі падкрэсьлівае, што расчараваўся ў мэтадах кіраваньня прэзыдэнта Саакашвілі:

(Зурабішвілі: ) “Ён зрабіў памылковы стратэгічны выбар, калі мы можам гаварыць пра стратэгічны выбар у краіне, дзе пераважае хаос і дзе няма ясна акрэсьленай палітыкі. Яго галоўная стратэгічная мэта – аднавіць грузінскую тэрытарыяльную цэласнасьць. Ён лічыць, што, каб дасягнуць гэтага, трэба пабудаваць моцную армію і сканцэнтраваць усю ўладу ў некалькіх руках. Усё астатняе, на ягоную думку, – другаснае. Я думаю, мае быць другі шлях. Мы ня вырашым праблемы тэрытарыяльнай цэласнасьці, пакуль ня зробім Грузіі дэмакратычнай і эканамічна моцнай краінаю”.

Будучыя выбары пакажуць, ці ня вычарпалі крэдыту даверу лідэры, што прыйшлі да ўлады ў атмасфэры шырокага народнага ўздыму. У Грузіі парлямэнцкія выбары маюць адбыцца ў 2008 годзе, а ва Ўкраіне ўжо даволі хутка – у сакавіку наступнага году.
XS
SM
MD
LG