Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разавая ўлётка – сродак масавай інфармацыі?


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня а 17-й гадзіне судзьдзя Цэнтральнага суду Гомеля Віктар Казачок пастанавіў аштрафаваць грамадзкую актывістку Марыю Багдановіч на 20З тысячы рублёў – нібыта за незаконны выраб і распаўсюд сродку масавай інфармацыі.

Адразу пасьля таго, як судзьдзя Віктар Казачок абвясьціў пастанову аштрафаваць Марыю Багдановіч на 7 базавых велічыняў (гэта адпавядае 203 тысячам рублёў) беспрацоўная актывістка сказала Радыё Свабода:

(Багдановіч: ) “У мяне няма словаў, таму што гэта ня толькі па сутнасьці зьдзек, але і фармальна няправільна. Шчыра кажучы, на іншае я і не спадзявалася. Я з судзьдзём Казачком сутыкалася ўжо двойчы. Я назірала, як судзіўся дэпутат гарсавету Глушакоў за хвіліну спазьненьня на працу. Я ўдзельнічала ў судзе з гарвыканкамам, калі мы дамагаліся дазволу на мітынг супраць падвышэньня камунальных плацяжоў. У мяне склалася такое меркаваньне: няхай прыйдзе ў суд сам Цыцэрон і скажа прамову, судзьдзя Казачок усё адно вынесе тое рашэньне, якое патрэбна ўладам”.

Спадарыню Багдановіч міліцыянты затрымалі 7 лістапада, у дзень сьвяткаваньня Кастрычніцкай рэвалюцыі, на пляцы Леніна, калі яна раздавала газэту “Таварыш” і ўлёткі: “Усё пазнаецца ў параўнаньні”.

Улёткі спрэс складзены з выказваньняў ды цытат перадвыбарчай праграмы Аляксандра Лукашэнкі ды вытрымак афіцыйнага друку.

Зь іншага боку, прыводзяцца меркаваньні гамельчукоў пра іх матэрыяльнае становішча, цытаты з газэты “Аргументы и факты”, а таксама табліца коштаў на газ, электраэнэргію, ацяпленьне, іншыя камунальныя паслугі. Якімі яны былі ў 2001, 2004 годах – і цяпер.

Гэтыя ўлёткі міліцыя і сканфіскавала ў актывісткі Марыі Багдановіч, а пракурор Цэнтральнага раёну Булановіч распачаў адміністрацыйную справу за незаконны выраб і распаўсюд сродку масавай інфармацыі.

І пракурор, і судзьдзя Віктар Казачок згледзелі ва ўлётках сродак масавай інфармацыі перш за ўсё таму, што яны былі ўкладзены ў сярэдзіну газэты “Таварыш”. Калі так, значыць, гэта дадатак да газэты, які ня мае выходных зьвестак. Вось і парушэньне.

Марыя Багдановіч пераконвала судзьдзю Казачка, што сродак масавай інфармацыі, паводле закону пра друк, мае істотную прыкмету – пэрыядычнасьць.

Улёткі ж яна вырабіла самастойна і толькі адзін раз.

Актывістка хадайнічала, каб у суд былі запрошаны ў якасьці сьведкаў міліцынты, дамагалася, каб упаўнаважаная на тое асоба склала і даслала ў суд пратакол адміністрацыйнага парушэньня. Аднак судзьдзя адрынуў усё хадайніцтвы ды довады спадарыні Багдановіч:

(Багдановіч: ) “Цяпер улады баяцца любога праўдзівага слова, асабліва друкаванага. Яны баяцца яго, як чорт крыжа. Гэтым і тлумачыцца такая рэакцыя міліцыі, пракуратуры, суду на маю ўлётку, здавалася б, бяскрыўдную. Там былі цытаты з прамоваў Лукашэнкі, з газэты “Советская Белоруссия”. Але калі людзі ўдумваліся ў тое, што гаворыцца і што ёсьць у жыцьці, яны ўсьведамлялі вялікае адрозьненьне паміж рэчаіснасьцю і сьцьвярджэньнямі на старонках афіцыйнай прэсы, на тэлебачаньні. Менавіта таму ўлады мяне і караюць”.
XS
SM
MD
LG