Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарвардзкі прафэсар выкладае беларускую мову


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Сёлета ўпершыню ў Гарвардзкім унівэрсытэце чытаецца курс па беларускай мове. Складальнік курсу і выкладчык – славяназнаўца прафэсар Курт Вулгайзэр (Kurt Woolhiser).

Факультэт славістыкі Гарварду мае даўнюю традыцыю выкладаньня найбольш пашыраных славянскіх моваў, як расейская, польская, чэская, сэрбска-харвацкая і ўкраінская. Іншыя мовы або зусім не выкладаліся, як напрыклад македонская і славацкая, або выкладаліся спарадычна, як баўгарская.

Я спыталася прафэсара Вулгайзэра чым выкліканая цікавасьць унівэрсытэту да выкладаньня той ці іншай мовы.

(Вулгайзэр: ) "Мне здаецца, гэта проста справа ў попыце. Большасьць студэнтаў цікавіцца найбуйнейшымі мовамі. Але калі ёсьць студэнты, якія цікавяцца меншымі мовамі, дык ёсьць магчымасьць стварыць курс ці індывідуальныя заняткі. Вось я якраз выкладаю беларускую мову як індывідуальныя заняткі. Гэты курс не выкладаецца рэгулярна. Але ў будучыні, калі будзе попыт, то магчыма можна будзе стварыць асобны курс".

Прафэсар Вулгайзэр выкладае расейскую мову на факультэце славянскіх моваў і літаратур. Ён таксама прэзыдэнт Паўночна-амэрыканскай асацыяцыі беларусазнаўства. Ягонае зацікаўленьне беларускай мовай пачалося яшчэ ў час, калі ён быў асьпірантам Унівэрсытэту Індыяны. А ягоным першым выкладчыкам быў вядомы беларускі грамадзкі дзеяч Палікарп Манькоў, які ў той час працаваў у бібліятэцы Індыянскага ўнівэрсытэту.

Спачатку вывучэньне ішло з дапамогай падручніка Валентыны Пашкевіч “Fundamental Belarusian”. Потым прафэсар Вулгайзэр перайшоў на самастойнае вывучэньне. А практычны досьвед маўленьня па-беларуску ён набыў у пачатку 1990-х, калі паехаў у Беларусь, каб займацца дасьледаваньнем для доктарскай дысэртацыі.

Але вернемся ў Гарвард. Чым была выкліканая патрэба стварыць беларускі курс і хто тыя асобы, якія захацелі яе вывучаць?

(Вулгайзэр: ) "Да мяне зьвярнулася асьпірантка Цэнтру па вывучэньні Расеі і Ўсходняй Эўропы імя Дэвіса. Яна хацела заняцца вывучэньнем беларускай мовы. Гэта зьвязана зь яе дасьледаваньнем. Яна вывучае моладзевыя рухі ў Расеі, Беларусі і Ўкраіне. Яна ўжо валодае расейскай мовай, але хацела вывучаць беларускую і ўкраінскую мовы, каб праводзіць інтэрвію ў Беларусі і Ўкраіне. Сама яна нарадзілася ў Беларусі, у Бабруйску. Яна крыху ведае мову, калісьці вывучала ў школе, але мала памятае. Яна з расейскамоўнай сям’і. Сама яна габрэйскага паходжаньня. Яна вырашыла, што для такога дасьледаваньня ёй беларуская мова будзе патрэбная".

(Карэспандэнтка: ) "Цяпер у вас толькі адна студэнтка?"

(Вулгайзэр: ) "Зараз яна адзіная. Але была яшчэ адна асьпірантка з нашай катэдры славянскіх моваў, якая таксама хацела займацца беларускай мовай. Але так атрымалася, што ў гэтым сэмэстры ёй не было калі. Але ў наступным сэмэстры яна магчыма далучыцца да гэтага курсу. Яна ўжо валодае ўкраінскай мовай, так што ёй здавалася, што ня надта цяжка будзе пачаць беларускую".

(Карэспандэнтка: ) "На колькі часу разьлічаны гэты курс і з чаго ён складаецца? Ці ён вельмі індывідуальны, ці ў будучым яго можна будзе выкарыстаць для больш шырокага навучаньня?"

(Вулгайзэр: ) "Мы займаемся граматыкай і разьвіцьцём слоўніка. Я карыстаюся падручнікам “Гавары са мной па-беларуску”. Гэты падручнік можна знайсьці ў Інтэрнэце. Аўтары Аляксандраў і Мыцік. Добры падручнік, які разьлічаны якраз на носьбітаў расейскай мовы. Нам гэта вельмі добра падыходзіць. Там дарэформавы правапіс, тарашкевіца. Так што мне здаецца для разьвіцьця беларускага вымаўленьня тарашкевіца вельмі добра падыходзіць. Студэнтка хоць і расейскамоўная, але ў яе вымаўленьні і граматыцы сустракаюцца некаторыя беларусізмы. Яна раней не зьвяртала на гэта ўвагі, але цяпер ужо пачынае разумець, што нават у яе расейшчыне ёсьць нейкі беларускі элемэнт. Напрыклад, “Они смеялісь с меня, когда я была в Москве”.

(Карэспандэнтка: ) "Цікавы прыклад беларусізму... Часам трэба перавучваць беларусаў у Менску. Ці дзе яшчэ, каб менавіта гэтую граматычную форму ўжываць".

(Вулгайзэр: ) "Яна вельмі ўзрадавалася, калі даведалася, што гэта правільна па-беларуску".

(Карэспандэнтка: ) "Значыць, ваш курс базуецца на тым, што студэнты ведаюць расейскую мову. А ці ёсьць у гэтым курсе нейкі элемэнт таго, што гэта ўсё ж англамоўныя студэнты?"

(Вулгайзэр: ) "Пакуль не, няма патрэбы, паколькі гэта дзяўчына даволі добра валодае расейскай мовай. Граматычная структура ёй у асноўным вядомая. Калі б я ўзяўся за такі курс для англамоўных, дык трэба было б па-іншаму працаваць.

Мы вельмі шмат чытаем, напрыклад, гістарычныя тэксты. Паколькі яна цікавіцца моладзевымі рухамі, мы чытаем артыкулы з розных часопісаў, у тым ліку з "Arche". Канечне, яна чытае са слоўнікам".

(Карэспандэнтка: ) "Часопіс "Arche" складаны для чытаньня, часам нават для беларускамоўных. Так што гэта ёй камплімэнт".

Я спыталася прафэсара Вулгайзэра, ці займаецца ён яшчэ нейкімі беларускімі праектамі апроч гэтага курсу. Ён адказаў, што працуе зараз над складаньнем беларускай граматыкі па-ангельску для Інтэрнэт бачыны ўнівэрсытэту штата Паўночная Караліна. На гэтай бачыне будуць зьмешчаны граматыкі ўсіх славянскіх моваў складзеныя па адным фармаце для лёгкага іх параўнаньня. Праца на граматыкай мусіць быць скончаная да лета.

Апроч гэтага ці ёсьць яшчэ нейкі ўздым цікаўнасьці да беларускай мовы?

(Вулгайзэр: ) "Пакуль цяжка сказаць, што ёсьць уздым цікавасьці менавіта да беларускае мовы. Але тут у Гарвардзе я заўважыў, апошнім часам часьцей зьвяртаюцца да мяне на гэты конт. Спачатку асьпірантка, якая зараз вучыцца, тады асьпірантка з нашай катэдры, якая зьбіраецца перакласьці вершы Вальжыны Морт на ангельскую мову. Ёсьць тут у Гарвардзе пэўны ўздым, але пакуль цяжка сказаць, што па ўсёй краіне нешта падобнае можна заўважыць. А што тычыцца беларусістыкі ўвогуле, то ёсьць пэўны ўздым".

Выглядае, што цікаўнасьць да беларускай тэматыкі і мовы павольна ўзрастае. Але ідзе яна не з акадэмічнага, а з практычнага кірунку, з патрэбы вывучэньня палітычных і культуралягічных рэалій сёньняшняй Беларусі.

Яшчэ адным сьведчаньнем росту гэтай цікавасьці стаў нядаўні гарвардзкі сымпозіюм пад назвай “Мастацтва, нацыянальная ідэнтычнасьць і палітыка Беларусі”. Як лічыць прафэсар Вульгайзар, сымпозіюм паспрыяў ня толькі пашырэньню ведаў пра Беларусь сярод студэнтаў і выкладчыкаў, але і больш прыхільнаму стаўленьню да беларускай тэматыкі на славянскай катэдры і ў Цэнтры па вывучэньні Расеі і Ўсходняй Эўропы імя Дэвіса.
XS
SM
MD
LG