Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крот паплаціўся за “тэндэрную актыўнасьць”?


Ігар Карней, Менск Стала вядома, што ў Менску затрыманы начальнік эканамічнага ўпраўленьня Міністэрства спорту і турызму Сяргей Крот. Паводле сьледзтва, чыноўнік арыштаваны на падазрэньне ва злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, якія тычацца парушэньняў падчас правядзеньня тэндэраў галіновым міністэрствам. Сяргей Крот зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе чакае лёсу яшчэ адзін ягоны калега – кансультант згаданага ўпраўленьня Васіль Жукавец, куратар гульнявога бізнэсу. Сьледам за Кратом і Жукаўцом на допыты пацягнуліся і іншыя супрацоўнікі міністэрства.

У прэсавай службе Міністэрства ўнутраных справаў паведамілі: пакуль што інфармацыю рабіць набыткам галоснасьці рана. З падазраванымі працуюць сьледчыя. Гаворыць прадстаўнік МУС Віталь Грынкевіч:

(Грынкевіч: ) “У нас па зводках пакуль яшчэ нічога не праходзіць. Заўтра можа штосьці і будзе, не гатовы сказаць. Давайце раніцай стэлефануемся”.

Між тым, экспэрты акцэнтуюць увагу на тым, што ў структуры Міністэрства спорту пачаліся вялікія “зачысткі”. І калі затрыманых ў падазрэньні за ўжываньне службовым становішчам можна пералічыць пакуль што на пальцах, то колькасьць скасаваных кантрактаў ідзе на дзесяткі. Кажуць, што новае кіраўніцтва Мінспорту актыўна пазбаўляецца ад спадчына папярэдняга міністра, Юрыя Сівакова.

Былы спартовы тэлекамэнтатар Уладзімер Даўжэнка расказвае: перавод пры генэрале Сівакове практычна ўсёй сфэры спартовага забесьпячэньня на тэндэрную аснову (ад паставак спартовага адзеньня і інвэнтару да будаўніцтва аб’ектаў) ня мог нарадзіць нічога, апроч карупцыі. Дарэчы, ініцыятарам ўтварэньня адмысловай структуры – тэндэрнай камісіі – выступіў згаданы ўжо Сяргей Крот, які неўзабаве яе і ўзначаліў.

(Даўжэнка: ) “Крот – гэта чалавек Сівакова. А ўвогуле тэндэры – гэта самае балючае месца. Я маю інфармацыю, што “адкат” на асобных будынках можа дасягаць 800 тысячаў даляраў. Гэта мне паведаміў адзін спэцыяліст галіны. Гэта тычыцца так званых тэндэраў – самага слабога зьвяна ў эканоміцы дзяржавы, дзе можна красьці. Прынцып тэндэра які? Дастаткова напісаць у акце, умоўна кажучы, што ты нёс 6 цаглінаў на адлегласьць 10 мэтраў, і табе рубель заплацяць. А калі напішаш, што падняўся на вышыню 3 мэтры, то будзе ўжо 20 рублёў. Таму будаўніцтва – самае прывабнае месца для ўсялякіх парушальнікаў. А зірніце, колькі навокал будуюць. Аб’екты не здаюцца, перабудоўваюцца, дарабляюцца да нейкай акрэсьленай “зьверху” даты. Таму я не зьдзіўляюся, што і спорт усё больш грунтуецца на тэндэрах. Там такія сумы гуляюць, што страшна”.

Пасьля таго, як рашэньнем Аляксандра Лукашэнкі пад кантроль Міністэрства спорту і турызму адышоў гульнявы бізнэс, узьнікла яшчэ адна магчымасьць лёгкіх заробкаў. Затрыманага ў верасьні куратара сфэры Васіля Жукаўца фактычна “здалі” Камітэту дзяржкантролю сталічныя букмэкеры. Указ прэзыдэнта абавязваў букмэкерскія канторы, казыно і іншыя ўстановы атрымліваць ліцэнзіі ў Міністэрстве спорту і турызму. Дзе яны і сутыкаліся з Васілём Жукаўцом. Уладзімер Даўжэнка прагназуе: з абвяшчэньнем новых спартовых будоўляў скандалаў і крымінальных справаў будзе толькі больш.

(Даўжэнка: ) “У часы таго ж Сівакова прыбраны быў Кіян, дырэктар комплексу “Стайкі”. А там жа таксама будаўніцтва ідзе. Я не хачу нікога абвінавачваць, але калі лягічна ланцужок разьбіраць, то там, дзе будоўля, там цэмэнт заўсёды не “шасьцісотага” гатунку, а ў лепшым выпадку “чатырохсоты” ці “двухсоты”. Гэта для лепшага разуменьня. Усюды можна “нахімічыць”. А потым, як Краснапольская школа, дзесьці нешта рухне”.

***

Аляксандар Лукашэнка на кастрычніцкай нарадзе з удзелам кіраўнікоў спартовых фэдэрацый пацьвердзіў, што заплянаванае будаўніцтва вялікага хакейнага палацу на 13 тысячаў гледачоў, будзе збудаваны вэлятрэк, наноў адбудаваны стадыён “Трактар”, а таксама будзе працягнутая практыка ўдасканаленьня і будаўніцтва горналыжных курортаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG