Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскі ўрад будзе дапамагаць актывісту СПБ А.Пачобуту


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прэсавы сакратар польскага ўраду заявіў, што польскі бок наняў адваката, які будзе займацца справай Андрэя Пачобута, у якога беларускія памежнікі адабралі пашпарт. Паводле ягоных словаў тое, што ў пашпартах шэрагу актывістаў Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) ануляваныя пячаткі, якія дазваляюць выезд з краіны, можа быць зьвязанае з сустрэчай прадстаўнікоў камісіі ААН па правах чалавека з прадстаўнікамі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, якое мае адбыцца на гэтым тыдні ў Варшаве.

Прэсавы сакратар польскага ураду Конрад Цесялкевіч заявіў, што ўрад “зьдзіўлены” затрыманьнем Андрэя Пачобута, бо “ўсю гэтую гісторыю цяжка аддзяліць ад кантэксту”. Кантэкст, паводле спадара Цесялкевіча, гэта сустрэча Андрэя Пачобута з польскім прэм’ер-міністрам Казімежам Марцінкевічам, а таксама плянаваны ўдзел у спатканьні з прадстаўнікам камісіі ААН па правах чалавека.

Больш падрабязнай інфармацыі пра візыт прадстаўнікоў ААН ў Варшаву ў беларускіх справах, пакуль няма, вядома толькі, што гэта адбудзецца пасьлязаўтра.

Між тым польскія мэдыі зьмяшчаюць сёньня шмат матэрыялаў, прысьвечаных узмацненьню рэпрэсіяў супраць актывістаў СПБ, якія згуртаваныя вакол непрызнаванай афіцыйным Менскам старшыні гэтай арганізацыі Анжалікі Борыс. Аўтарытэтны штодзёньнік “Rzeczpospolita” адзначае, што беларускія памежнікі, якія адабралі пашпарт у Андрэя Пачобута, вельмі хацелі ведаць падрабязнасьці сустрэчы прадстаўнікоў СПБ з польскім прэм’ерам.

Газэта піша таксама пра тое, што ў хуткім часе будзе прызначаны адмысловы ўпаўнаважаны польскага ўраду, які будзе займацца адсочваньнем сытуацыі ў Беларусі.

Між тым тыднёвік “Wprost” у сёньняшнім нумары зьмяшчае матэрыял, прысьвечаны польска-расейскім і польска-беларускім дачыненьням. У частцы, якая тычыцца Беларусі, аўтар крытыкуе палітыку папярэдняга кіраўніцтва МЗС Польшчы, якое вырашыла ізноў накіраваць адкліканага раней амбасадара Тадэвуша Паўляка ў Менск.

“Калі Анжаліка Борыс ішла бадай што 50-ты раз у міліцыю, пасол Паўляк вярнуўся ў Менск, бо “зьмяніліся акалічнасьці”. Урэшце амбасадар вырашыў пайсьці ў адстаўку, бо ў Польшчы за такі крок яго крытыкавалі нават калегі па працы. Сытуацыя ў Беларусі што да дачыненьняў з Польшчай не зьмянілася”, – піша тыднёвік “Wprost”.
XS
SM
MD
LG