Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці будзе ў Беларусі аранжавая рэвалюцыя?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Ва Ўкраіне адзначаюць першыя ўгодкі аранжавай рэвалюцыі. Указам Віктара Юшчанкі 22 лістапада абвешчаны Днём свабоды. Ці можа быць падобная рэвалюцыя і ў Беларусі? На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Віцебску.

(Карэспандэнтка: ) “Заўтра ўгодкі аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне. А ці можа быць падобная рэвалюцыя ў нас, як вы лічыце?”

(Спадар: ) “Дык у нас ня можа быць аранжавай рэвалюцыі: калі і будзе, то бел-чырвона-белая!”

(Карэспандэнтка: ) “Ці будзе такая, і як хутка?”

(Спадар: ) “Пакуль што не. Відаць, яшчэ не прыйшоў час. У нас людзі не падрыхтаваныя, насельніцтва беларускае яшчэ не ўсьвядоміла, што нам патрэбная свая дзяржава, што трэба фармаваць уласную нацыю. А вось украінцы гэта зразумелі”.

(Дзяўчына: ) “У нас народ ціхі і спакойны, нам гэта не патрэбна. Я думаю, мы абярэм іншы шлях і даможамся пераменаў да лепшага. Напрыклад, будзем лепш працаваць. І тады ўсё ў нас будзе добра”.

(Карэспандэнтка: ) “Ва Ўкраіне адзначаюць угодкі аранжавай рэвалюцыі. Ці будзе і ў нас падобная рэвалюцыя? Як вы лічыце?”

(Спадар: ) “У прынцыпе, пажадана, каб яна была ў нас. А ці будзе, ці не — я ня ведаю, не магу сказаць”.

(Хлопец: ) “Я думаю, што ў нас у Беларусі такога ня будзе. Людзі нашыя не гатовыя: яны шмат чаго не разумеюць, а галоўнае — ня ведаюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Рэвалюцыі звычайна здараюцца тады, калі людзі не задаволеныя. А беларусы ці задаволеныя сваім цяперашнім жыцьцём?”

(Хлопец: ) “Думаю, што сваім жыцьцём беларусы задаволеныя: яны ўжо звыклі абмяжоўваць сябе ва ўсім, жыць у асяродзьдзі з парушанай экалёгіяй, эканомікай, свабодай слова. Таму я мяркую, што ў нас бліжэйшым часам будзе адносна спакойна, і ўсё”.

(Спадар: ) “Ня будзе ў нас пакуль ніякай рэвалюцыі, таму што рэвалюцыянэры ўсе разьбегліся! Хто зь іх каву за мяжой п’е, хто — піва. Трэба наноў зьбіраць рэвалюцыянэраў. Зьбярэм — і тады зробім рэвалюцыю”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што ў нас ніколі ня будзе рэвалюцыі, і ніколі ня будзе добра жыць. Мы зрабіліся такія лайдакі! Можа, гэта наш мэнталітэт такі, але мне падаецца, што гэта — звычайная лянота! Я мяркую, што беларусаў заўсёды губіла гэтая лянота. Мы дужа лянівыя, і таму ў нас ніколі ня будзе аранжавай рэвалюцыі!”

(Хлопец: ) “Навошта нам рэвалюцыя? Праца ёсьць, паесьці ёсьць. Ня будзе ў Беларусі ніякай рэвалюцыі, бо мы добра жывём”.

(Спадар: ) “А я мяркую, што без рэвалюцыі ў Беларусі нічога ня будзе! Нават калі апазыцыя ня здолее яе арганізаваць, рэвалюцыя адбудзецца сама сабой. Бо ўсе астатнія меры ўплыву на ўлады ўжо вычарпаныя”.
XS
SM
MD
LG