Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы сьнегапад – без электрычнасьці засталіся 1266 населеных пунктаў


Галіна Абакунчык, Менск Вынікам першага сьнегападу ў Беларусі стала адключэньне электрычнасьці ў мястэчках і вёсках некаторых рэгіёнаў. Камунальныя, выратавальныя і службы ДАІ заяўляюць пра гатовасьць да працы ў зімовых умовах, аднак многія кіроўцы і пешаходы працай гэтых службаў не задаволеныя.

Моцны вецер і сьнегапад у Беларусі не мінаюць ужо некалькі дзён. Найбольшая колькасьць ападкаў прыйшлася на Віцебскую і Менскую вобласьці, а таксама часткова на Магілёўскую. З прычыны наліпаньня мокрага сьнегу на драты тут былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі аварыйнага адключэньня электрычнасьці, кажа дзяжурны Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

(Дзяжурны: ) “Па Віцебскай вобласьці былі адключэньні ў 935 населеных пунктах, а па Менскай — у 331. Сёньня яшчэ толькі ў Расонскім раёне працягваюцца працы, а так усе наступствы ліквідаваныя”.

Паводле інфармацыі міністэрства, ва ўмовах гораду надзвычайных здарэньняў з-за першага сьнегападу зафіксавана не было. Камунальныя службы таксама заяўляюць, што яны гатовыя да працы ў неспрыяльных зімовых умовах. Гаворыць намесьнік галоўнага інжынэра “Горрамаўтадару” Канстанцін Лось:

(Лось: ) “Як гэта мы можам быць не гатовыя? Неабходная колькасьць тэхнікі ў нас пастаянна дзяжурыць і пры любых умовах надвор’я мы гатовыя распачаць прыборку і ачыстку. І цяпер дарогі бязь сьнегу, таму ніякіх праблемаў я ня бачу на сёньня”.

Як паведамілі ў Дзяржаўтаінспэкцыі, істотнага павелічэньня колькасьці дарожна-транспартных здарэньняў у зьвязку зь першым сьнегападам у краіне зафіксавана не было, а стан дарожнага пакрыцьця застаецца здавальняючым. Ці задаволеныя працай камунальных службай кіроўцы і пешаходы? Цікаўлюся ў менскіх мінакоў:

(Карэспандэнтка: ) “Ці задаволеныя станам дарогі, як езьдзілася сёньня?”

(Спадар: ) “Ну, у галалёд жа заўсёды цяжка. Надвор’е ж дрэннае”.

(Спадар: ) “Небясьпечна езьдзіць, трэба езьдзіць акуратна. Па цэнтральных дарогах я ня езьдзіў, а бакавыя вуліцы — яны не прыбіраліся”.

(Спадар: ) “У горадзе слота, сьнег, а за горадам сухая дарога, нармалёва”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці добра прыбіраюць у дварах?”

(Спадарыня: ) “Сьлізка, сьлізка хадзіць. Не пасыпаецца ні сольлю, нічым — вы ж самі бачыце. Службы недастаткова падрыхтаваныя да гэтага”.

Паводле Белгідрамэтцэнтру, днямі цыклён, які прынёс моцны вецер і сьнегапад, будзе слабець. Аднак сёньня на ўсёй тэрыторыі Беларусі абвешчанае штармавое папярэджаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG