Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская фабрыка “Спартак” страціла расейскі рынак


Казімер Яноўскі, Гомель Кандытарская фабрыка “Спартак” вырабляе цяпер 40% усёй салодкай прадукцыі краіны — гэта шакалядныя цукеркі, карамель, пліткавы шакаляд, торты, вафлі, печыва. З усяго асартымэнту найбольш застаецца на складах разнастайнай карамелі ды печыва. Кандытары страцілі чвэць свайго рынку ў Расеі.

Гаворыць начальніца аддзелу рэалізацыі фабрыкі “Спартак” Ірына Лашкевіч:

(Лашкевіч: ) “Мы страцілі расейскі рынак збольшага з прычыны новага парадку спагнаньня падатку на даданую вартасьць. На нас, як вытворцаў, усклалі абавязак сачыць за дабрасумленнасьцю нашых партнэраў у суседняй краіне.

Калі яны ня плацяць гэтага падатку, нам даводзіцца сплачваць яго самім. У выніку ў нас засталося толькі пяць гуртовых кампаніяў, якія празрыста працуюць на рынку. Але яны ня могуць забясьпечыць леташняга ўзроўню куплі нашай працукцыі, таму экспарт яе ў Расею скараціўся на чвэрць. Натуральна, усё гэта асядае ў нас на складах”.

На ўнутраным рынку “Спартаку” даводзіцца канкураваць з салодкай прадукцыяй, якая розным чынам завозіцца з Украіны ды Расеі. Завазная прадукцыя не заўсёды лепшай якасьці, аднак яна таньнейшая з прычыны, як кажуць кандытары, так званых шэрых схемаў завозу.

Спадарыня Лашкевіч зьвяртае ўвагу і на вялікія фінансавыя даўгі прадпрыемству, што завінавацілася спажывецкая каапэрацыя краіны.

(Лашкевіч: ) “Больш за 4 мільярды рублёў складае пратэрмінаваная запазычанасьць каапэратараў. Мы ўжо зьвярталіся да вышэйшага кіраўніцтва, думаем, што нас павінны пачуць. Даўгі поўнасьцю зрываюць нам працу фабрыкі”, — паведаміла прадстаўніца “Спартака” Ірына Лашкевіч.

Нягледзячы на фінансавыя цяжкасьці, зьмяншэньне продажу сваёй прадукцыі, “Спартак” павінен нарошчваць выпуск яе паводле патрабаваньняў канцэрну “Белдзяржхарчпрам” ды мясцовых органаў, каб выканаць прагнозныя паказчыкі. Сёлета, у прыватнасьці, рост выпуску цукерак ды печыва павінен павялічыцца на 8% у параўнаньні зь леташнім узроўнем.
XS
SM
MD
LG