Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў таму скончылася вайна ў Босьніі


Кастусь Бандарук, Прага Дзесяць гадоў таму, 21 лістапада 1995 году, прэзыдэнты Сэрбіі, Харватыі і Босьніі: Слобадан Мілошавіч, Франё Туджман і Алія Ізэтбэгавіч ўхвалілі падрыхтаваны пад эгідай ЗША плян заканчэньня вайны ў Босьніі. Падпісаны тры тыдні пазьней, 14 сьнежня, у Парыжы мірны дагавор атрымаў назоў “Дэйтанскіх пагадненьняў”, ад назвы авіябазы ў Дэйтане, штат Агаё. Ён стаў ня толькі падставай міру ў Босьніі, але і вызначыў міратворчую стратэгію, якая затым была скарыстаная ў іншых канфліктах, ад Косава да Аўганістану.

Грамадзянская вайна ў Босьніі працягвалася амаль 3 гады. Падчас яе басьнійскія сэрбы з дапамогай Бялграду захапілі амаль 70% тэрыторыі краіны, прымушаючы сотні тысячаў басьнійскіх мусульманаў пакінуць свае дамы. У баёх загінулі амаль 200 тысяч чалавек. Колькасьць уцекачоў склала амаль 2 мільёны. У адпаведнасьці з Дэйтанскімі пагадненьнямі была выпрабаваная стратэгія скарыстаньня міжнародных сілаў для забесьпячэньня міру і прызначэньне міжнароднай адміністрацыі для кіраваньня працэсам адбудовы краіны.

Паводле брытанскага аналітыка Кэрна Роса, дэйтанскі прынцып скарыстаньня міжнародных сілаў спрацаваў ў Босьніі, у Косаве, у Аўганістане і нават часткова ў Іраку. У Косаве міжнародны адміністратар атрымаў шырокія паўнамоцтвы ў часе, калі ААН працягвае высілкі, накіраваныя на канчатковае вызначэньне будучага статусу правінцыі. У Аўганістане, краіне з доўгай традыцыяй незалежнай дзяржавы, прадстаўнік ААН атрымаў толькі статус дарадніка ўраду.

Аднак, на думку экспэртаў, некаторыя элемэнты дэйтанскай мадэлі аказаліся ня вартымі скарыстаньня ў іншых краінах.

(Рос: ) “Тэрытарыяльны падзел, замацаваны Дэйтанскім пагадненьнем, разглядаецца многімі жыхарамі Босьніі ды іншых краінаў як малапасьпяховы элемэнт дамовы. Насамрэч, міжнародная супольнасьць і яе адмінстратар у Босьніі спрабуюць пераадолець цяжкасьці, выкліканыя тэрытарыяльным падзелам”.

51% тэрыторыі прыпаў Фэдэрацыі мусульманаў і харватаў, а астатняя частка - басьнійскім сэрбам. Абедзьве часткі рэспублікі атрымалі шырокую аўтаномію, права фармаваць свой парлямэнт і урад, а таксама магчымасьць праводзіць самастойную зьнешнюю і валютную палітыку.

Іншыя заходнія аналітыкі лічаць, што дэйтанская мадэль ня можа спрацаваць у выпадку канфліктаў ў Нагорным Карабаху або ў Абхазіі. Адна з прычынаў палягае ў тым, што Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія ды іншыя заходнія краіны, уцягнутыя ў міратворчыя апэрацыі ў Іраку, Аўганістане і на Балканах, ня ў стане паслаць новыя кантынгенты ў іншыя краіны. На думку Джуліяна Ліндлі-Фрэнча з Цэнтру палітыкі бясьпекі ў Жэнэве, яшчэ адна перашкода - гэта Расея.

(Ліндлі-Фрэнч: ) “Масква ўсё яшчэ разглядае краіны, такія як Азэрбэйджан, Грузія і Арменія, як “блізкае замежжа”. У сувязі з гэтым заходнія краіны вельмі абачліва ставяцца да сваёй вайсковай прысутнасьці ў гэтых краінах, і калі спрабуюць умешвацца ў канфлікты, дык з аглядкай на партнэрства з Расеяй”.

З нагоды 10-й гадавіны Дэйтанскіх пагадненьняў лідэры басьнійскіх сэрбаў, харватаў і мусульманаў сабраліся ў Вашынгтоне для перамоваў у справе канстытуцыйных рэформаў і цэнтралізацыі ўлады ў Босьніі. Аб’яднаньнем краіны Брусэль абумоўлівае будучае далучэньне рэспублікі да Эўразьвязу, аднак, на думку аглядальнікаў, працэс інтэграцыі будзе працяглы і цяжкі.
XS
SM
MD
LG