Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды за Лукашэнку больш як 90% вяскоўцаў?


Алесь Дашчынскі, Менск Падчас паездкі па Магілёўшчыне Аляксандар Лукашэнка заявіў: паводле дадзеных “закрытага сацыялягічнага дасьледаваньня” на выбарах яго гатовыя падтрымаць больш за 90% вяскоўцаў, 84% – жыхароў райцэнтраў і 67% менчукоў. Якая менавіта арганізацыя праводзіла апытаньне? Што думаюць пра яго вынікі незалежныя сацыёлягі?

Знайсьці аўтараў гэтага дасьледаваньня аказалася ня вельмі проста. Тры дзяржаўныя ўстановы, якія маюць вялікі досьвед у правядзеньні “закрытых” апытаньняў, пералічыць не складана – цэнтар сацыялягічных дасьледаваньняў адмысловага інстытуту пры прэзыдэнцкай адміністрацыі, Інстытут сацыялёгіі Акадэміі навук і, нарэшце, Цэнтар сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў БДУ. Аднак ні ў воднай з гэтых установаў не прызналі аўтарства гэтага “закрытага сацыялягічнага дасьледаваньня”. Вось што сказаў нашаму радыё начальнік аддзелу сацыялягічнага цэнтру пры прэзыдэнцкай адміністрацыі Мікалай Трапянок:

(Трапянок: ) “Мы гэта дасьледаваньне не праводзілі. Магчыма, нехта і праводзіць. Мы ж зьяўляемся не адзінай дасьледчай групай, якая займаецца сацыяльна-палітычнай сытуацыяй у Беларусі. Таму можа праводзіць хто заўгодна. Гэта можа быць незалежны дасьледчы цэнтар. Але пэўнага нічога сказаць не магу. Ва ўсякім разе гэтая інфармацыя нам не належыць”.

Прадстаўнік інстытута сацыялёгіі Акадэміі навук акадэмік Яўген Бабосаў:

(Бабосаў: ) “Я думаю, што гэта ня наш інстытут. 90 працэнтаў – гэта вельмі добра, але, мне здаецца, трохі менш. (Карэспандэнт: ) “Ён сказаў, што гэта закрытыя сацыялягічныя дасьледаваньні…” (Бабосаў: ) “Закрытыя, тады гэта амаль што на сто працэнтаў Інстытут сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. Там ёсьць такая пані Шпак, начальніца”.

Нарэшце, кіраўнік цэнтру БДУ прафэсар Давід Ротман таксама адмовіўся ад аўтарства агучанага дасьледаваньня. Ён сказаў, што дасьледаваньне па рэйтынгу Лукашэнкі праводзіцца, але яго вынікі будуць агучаныя пазьней.

Дзіўна, што тры дзяржаўныя сацыялягічныя службы адмаўляюцца ад агучаных Лукашэнкам лічбаў і ня маюць ніякай інфармацыі пра аўтараў таго “закрытага сацыялягічнага дасьледаваньня”. Навошта ж так хаваць выгадныя для ўладаў лічбы?

Паводле вынікаў апытаньня, праведзенага ў верасьні зарэгістраваным у Літве грамадзкім аб''яднаньнем Незалежны інстытут сацыяльна-эканмічных і палітычных дасьледаваньняў, рэйтынг Лукашэнкі вырас за лета на 5,6 працэнта і цяпер складае 47,3 працэнта.

(Манаеў: ) “Лічбы, якія агучыў прэзыдэнт, у значнай ступені не супадаюць з тым, што атрымоўваюць незалежныя дасьледнікі. Яны ў значнай меры не супадаюць. Лічбы, якія ён агучыў, не пацьвярджаюцца незалежнымі сацыялягічнымі дасьледаваньнямі, прафэсійна праведзенымі”.

Прафэсар Алег Манаеў цьвердзіць, што “закрытыя дасьледаваньні” ў сацыялёгіі нельга лічыць нармальнай практыкай. Заўсёды яны павінны мець пэўныя выходныя дадзеныя: колькі апыталі, каго, якая памылка выбаркі і гэтак далей. Нарэшце, павінен быць вядомы аўтар. І любы грамадзянін павінен мець магчымасьць пазнаёміцца з такім дасьледаваньнем і папрасіць доказаў любой лічбы.

(Манаеў: ) “Я, калі б быў на месцы прэзыдэнта, я гэтым лічбам не давяраў бы. Але ў аўтарытарных краінах сацыялёгія гуляе падвойную ролю. З аднаго боку, яна дае пэўную інфармацыю і часта аб’ектыўную, праўдзівую. Але гэта толькі ў закрытым выглядзе, у адным-двух экзамплярах і толькі наверх дасылаецца. І другая роля сацыялёгіі ў такіх грамадзтвах – прапагандысцкая. Вось гэтыя лічбы, канешне ж, мелі прапагандысцкі характар. Да гэтага трэба ставіцца як да сацыялягічнай прапаганды”.
XS
SM
MD
LG