Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады высяляюць жыхароў, каб пашырыць плошчы банку “Масква-Менск”


Любоў Лунёва, Менск Чыноўнікі Менгарвыканкаму патлумачылі людзям, што гэта выклікана дзяржаўнай неабходнасьцю. Узамен, паводле жыхароў, ім запрапанавалі нераўнацэннае жытло. Суды, дзе жыхары намагаліся адстаяць свае інтарэсы, сталі на бок банкіраў.

Камэрцыйны банк “Масква – Менск” пабудаваны ў цэнтры сталіцы на вуліцы Камуністычнай побач з цагляным домам даваеннай забудовы. У доме было 11 кватэраў. У кватэрах, у параўнаньні з пазьнейшымі “хрушчоўкамі”, вялікія пакоі, кухні, высокая столь. Летась напрыканцы году банкіры прапанавалі жыхарам прадаць свае кватэры банку.

Пасьля таго, як тыя адмовіліся, зьявілася пастанова Менгарвыканкаму аб тым, што жыхарам трэба вызваліць сваё прыватызаванае жытло. Банк “Масква–Менск” мусіць прапанаваць узамен іншае. Чыноўнікі сваё рашэньне матывавалі дзяржаўнай неабходнасьцю. Абураныя жыхары запатрабавалі патлумачыць ім чаму рэканструкцыя расейскага камэрцыйнага банку ёсьць дзяржаўнай неабходнасьцю для беларускіх уладаў.

Ніякіх тлумачэньняў на гэты конт яны не атрымалі. Але пазьней даведаліся, што прынята рашэньне хто з жыхароў і куды мусіць перасяліцца бліжэйшым часам. Суд Цэнтральнага раёну прыняў рашэньне аб высяленьні. Больш за тое, у судзе прадстаўнікі банку пагадзіліся, што жытло прапануюць нераўнацэннае, горшае за цяперашняе. Гэта пры тым, што экспэрты ацанілі добрыя кватэры з эўрарамонтам у цэнтры сталіцы, плошчай каля 90 мэтраў на 8 000 даляраў. У судзе прадстаўнікі банку спасылаліся на ліст мэра Масквы Лужкова беларускаму прэм’ер-міністру з просьбай дапамагчы банку. Ганна Янушка, 50 гадоў, пражыла ў спрэчным доме. Яна не чакала, што суд стане на бок банкіраў.

(Янушка:) “На судзе яны казалі, што пытаньне аб зруйнаваньні нашага дома вырашалася на перамовах паміж урадамі Расеі і Беларусі. З гэтай нагоды мы два разы дасылалі лісты прэм’еру, дзе запытвалі: “Што гэта за геапалітычны пункт такі? Чаму прэм’ер не абараніў нашы інтарэсы?”

Ганна Янушка жыве са сваёй хворай сястрой. Побач з домам знаходзіцца школа, дзе вучыцца яе ўнучка. У двары гараж. Ганна даведалася, што 1 лістапада мусіла перасяліцца ў кватэру ў доме, пабудаваным побач з чыгункай. Яна наведала кватэру і ўбачыла, што на прызначаны для перасяленьня дзень там былі толькі голыя сьцены, ні палоў, ні сантэхнікі. Яна ўзгадала суседку, якая пагадзілася зь дзецьмі пераехаць у іншую кватэру. Тая казала, што вельмі хворая, няма грошай на адвакатаў. У новай кватэры не было дзьвярэй. Калі яна папрасіла, каб гэта выправілі, то ёй адказалі, што нічога рабіць ня будуць. Жыхары ў гарадзкім судзе спасылаліся на жыльлёвае заканадаўства, згодна зь якім ім гарантавана раўназначнае жытло. Але безвынікова. Васіль Астроўскі са сваёй жонкай Вольгай на першым паверсе маюць дзьве кватэры. Яны плянавалі, што адна будзе для жытла, а другая пад офіс. Ім прапанавалі дзьве кватэры ў розных раёнах далёка ад цэнтру. Васіль прывёў на суд двух непаўнагадовых дзяцей і дарослую дачку.

(Астроўскі:) “Нас бяз нашага жаданьня разьдзялілі – мяне з жонкай і зь сям’ёй. Я такога ўявіць сабе ня мог, што ў нашай краіне такое можа тварыцца!.. Нас раскідалі, дык, можа, яшчэ й дзяцей трэба расьпілаваць?! Нам кажуць, што гэта робіцца для народу. Мяне абурае пазыцыя нашых чыноўнікаў, бо “слугі народу”, якія павінны абараняць мяне, што яны робяць?! Папросту супраць нас, супраць сваіх грамадзянаў. Мне такі саюз з Расеяй не патрэбны, калі ён робіцца на касьцях маёй сям’і, маіх дзяцей!”

Жонка Вольга дадала:

(Кавалеўская:) “Якімі гэта ўсё рабілася намаганьнямі, ніхто ня ведае. 8 гадоў жыцьця мы аддалі, каб усё зрабіць як патрэбна. Цяпер мы зноў павіны шукаць сабе месца… Ніхто не кампэнсуе тыя маральныя страты, якія мы цярпелі, тое што мы вытрывалі.”

Юрыст банку “Масква–Менск” Юры Шаўцоў паведаміў Радыё Свабода, што ўсё робіцца дзеля пашырэньня тэрыторыі банку.

Жыхары дома на вуліцы Камуністычнай будуць зьвяртацца ў розныя структуры. Яны ўпэўненыя, што, калі будзе створаны судовы прэцэдэнт, то потым шмат каго з карэнных менчукоў будуць высяляць з уласных кватэраў з цэнтру на ўскрайкі гораду на карысьць расейскіх банкаў ці іншых структураў.
XS
SM
MD
LG