Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FM у Варшаве


Сяргей Шупа, Прага; Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Новая перадача з сэрыі “Настрой на Свабоду”

Сёньня мы працягваем сэрыю перадачаў, прысьвечаных радыёвяшчаньню ў суседніх зь Беларусьсю краінах – каб слухачы маглі параўнаць сытуацыю за мяжою зь беларускай і наагул мець уяўленьне – што робіцца на радыёхвалях у іншых сталіцах Усходняй Эўропы. Сёньняшняя тэма – радыёэфір у Польшчы.

Польшча – магчыма, найбліжэйшая на радыёкарце краіна да Беларусі. У даўнія часы шмат хто ў Беларусі слухаў Першую праграму польскага радыё ­ Jedynku – на даўгіх хвалях. 646-мэтровая мачта з антэнай у Канстантынаве, на той час найвышэйшая ў сьвеце, і перадатчык магутнасьцю 2000 кіляватаў – гэта было нешта. Едынку можна было слухаць ва ўсёй Эўропе і нават у Паўночнай Афрыцы, а што ўжо казаць пра Беларусь. Але ў жніўні 1991 году мачта ўпала, і гэта сымбалічна супала з пачаткам новай эпохі. Эпохі FM. Але і польскія FM-станцыі можна слухаць на Захадзе Беларусі. Сёньняшнюю праграму “Настрой на Свабоду” мне дапамог падрыхтаваць мой варшаўскі калега Аляксей Дзікавіцкі. Ён і раскажа сёньня пра польскі FM-эфір.

****

Калі беларусы на аўтамабілях перасякаюць польска-беларускую мяжу, на дарогах іх адразу сустракаюць рэклямныя плякаты – “Тут на паданай частаце вы можаце слухаць радыё Люблін”, ці “Радыё Беласток”, але выбар насамрэч значна больш шырокі. Дастаткова толькі павярнуць рэгулятар аўтамагнітолы...

Толькі ў Варшаве, паводле афіцыйнай інфармацыі Дзяржаўнай Рады тэлебачаньня і радыё, перадаюць 25 FM станцыяў, па ўсёй Польшчы іх сотні – гэта забаўляльныя, рэлігійныя, выключна інфармацыйныя ці выключна музычныя – тут падзел на рок, джаз, сучасную музыку, толькі польскую ці старыя хіты і гэтак далей.

Цяжка ацаніць усе гэтыя радыёстанцыі – але кожная зь іх мае свайго слухача, іначай існаваньне на рынку было б немагчымым. Дазволю сабе расказаць пра ўласныя прыярытэты на польскім FM-рынку. Калі узяць дадзеныя статыстычных дасьледаваньняў зь якіх вынікае вобраз сярэдняга польскага радыёслухача дык я да яго, хіба, пасую толькі часткова.

FM-радыё даводзіцца слухаць пераважна ў дарозе ці, прыкладам, у цырульні, супэрмаркеце ці іншых месцах, дзе яно проста гучыць незалежна ад таго, хочаш ты гэтага ці не . Калі ёсьць магчымасьць выбіраць, выбіраю Radio ZET, якое паўстала яшчэ ў другой палове 90-га году. Раніцай гэтая станцыя перадае навіны кожныя 15 хвілін і калі музыка Radio ZET як для мяне ня вельмі прывабная, дык частыя, кароткія але зьмястоўныя навіны асабліва для журналіста, рэч важная.

За тым, хто і як на дадзены момант вядзе перадачу Radio ZET можна сачыць у інтэрнэце.

Але найбольш папулярнае сярод радыёстанцыяў такога кшталту – радыё RMF, РМФ – гэта абрэвіятура ад “Радыё, Музыка, Факты”. Як і Radio ZET, RMF было адной з першых камэрцыйных FM-станцыя ў Польшчы - паўстала ў 1990-м годзе. Адметна, што менавіта паміж гэтымі дзьвюма радыёстанцыямі дагэтуль ідзе на польскім рынку найбольш зацятая барацьба за слухача. На дадзены момант яе выйграе RMF – гэта найбольш папулярная станцыя ў Польшчы. Яе слухаюць крыху больш за 8 мільёнаў палякаў у сярэднім 3 гадзіны ў дзень, а цягам тыдня час ад часу RMF слухаюць аж 22 мільёны палякаў – гэта каля 60% усяго насельніцтва.

У фірме RMF працуюць 189 чалавек.

Radio ZET, RMF і радыё TOK FM, пра якое гаворка пойдзе ніжэй, прыцягваюць для вядзеньня сваіх асабліва публіцыстычных праграмаў найбольш знаных журналістаў – пераважна з тэлебачаньня і вядучых газэтаў, што гарантуе гэтым праграмам большую верагоднасьць.

Іншы спосаб прыцягнуць слухачоў – гэта ўдзел у рэклямных кампаніях радыёстанцыяў вялікіх зорак поп-музыкі. Але на гэта могуць дазволіць сабе толькі найбольш заможныя станцыі.

Напрыклад RMF рэклямуюць цяпер Біёнс, Стынг, а Radio ZET – Робі Уільямс.

Для мяне цікавым, асабліва ў дарозе, падаецца таксама так званае “Антырадыё – 94 MF”. Гэта даволі маладая радыёстанцыя, якая рэклямавалася, як “радыё для моцнай паловы чалавецтва”. На хвалях гэтай станцыі гучыць пераважна рок-музыка.

Тым, хто цікавіцца палітыкай, публіцыстыкай і сочыць за навінамі, а да іх належу і я, цікавымі будуць перадачы радыё TOK FM. 90% эфірнага часу гэтай радыёстанцыі займае слова - гэта навіны што 20 хвілінаў, а таксама вышэйшай якасьці публіцыстычныя праграмы – у студыі радыё TOK FM штодня прыходзяць вядучыя палітыкі, экспэрты, навукоўцы.

Музыка тут гэта толькі фон для размоваў, а музыка ў TOK FM гэта выключна клясычны рок.

Адзінай радыёстанцыяй, якая перадавала свае перадачы на мове нацыянальных меншасьцяў было беларускамоўнае “Радыё Рацыя” у Беластоку. Гэта я станцыя была надзвычай папулярная сярод беларусаў Беласточчыны. “Рацыя”, на жаль, спыніла свае перадачы некалькі гадоў таму.

Гаворачы пра польскі FM-эфір нельга абмінуць 4 праграмы польскага грамадзкага, ці як у Беларусі кажуць, дзяржаўнага радыё . Традыцыйная першая праграма, гэта інфармацыя і музыка, другая праграма – пераважна клясычная музыка і зьвязаныя зь ёй падзеі, а трэцяя праграма, ці як у Польшчы кажуць “труйка”, гэта праграма, якая шмат гадоў, асабліва ў часы Польскай Народнай рэспублікі, кшталтавала музычныя густы палякаў. Тут можна пачуць, прыкладам, рокавы гіт-парад.

Практычна ўсе FM радыёстанцыі можна слухаць праз інтэрнэт. Першыя крокі робіць і дыгітальнае радыёвяшчаньне. На інтэрнэт-старонцы Дзяржаўнай Рады тэлебачаньня і радыё ужо можна знайсьці інфармацыю аб тым, як атрымаць дзяржаўную і недзяржаўную падтрымку для такіх праектаў.
XS
SM
MD
LG