Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску да галадоўкі салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам далучыўся сёмы ўдзельнік


Сяргей Астраўцоў, Горадня Мікалай Аўтуховіч галадае ў турме 37 дзён. Працяглая галадоўка стварае пагрозу для здароўя і жыцьця арыштаванага ваўкавыскага прадпрымальніка. Аднак турэмная адміністрацыя не рэагуе на просьбы адвакатаў шпіталізаваць Мікалая Аўтуховіча. Ягоныя калегі, якія шосты дзень праводзяць галадоўку салідарнасьці, вельмі непакояцца за ягоны лёс, але рэальна дапамагчы яму ня могуць.

Адвакаты ў пятніцу не былі ў Мікалая Аўтуховіча, і рэальна пра ягоны стан можна будзе даведацца толькі ў панядзелак. Ягоных калегаў гэта вельмі непакоіць, яны пасьля выхадных зьбіраюцца ў Горадню, сказаў мне адзін з ваўкавыскіх галадоўнікаў Уладзімір Асіпенка.

(Асіпенка:) “Сёньня да нас далучыўся яшчэ адзін галадоўнік — наш кіроўца Лінкевіч Дзьмітры. Тэлефанаваў сёньня з Горадні прадстаўнік Савету вэтэранаў Мельнікаў Мікалай Аляксандравіч. Ён гаварыў: добра, што мы дапамагаем Аўтуховічу. Пытаўся: ці ён разумее, што яму канец будзе, калі будзе працягваць галадоўку? Канешне, Аўтуховіч гэта разумее. Можа паразмаўляйце зь ім, каб ён спыніў гэтую галадоўку? Як ён даслоўна сказаў: ён рады, што ў Беларусі яшчэ ёсьць такія людзі як Аўтуховіч”.

Крымінальная справа супраць Мікалая Аўтуховіча грунтуецца на тым, што ён не заплаціў за два гады і два месяцы 679 мільёнаў рублёў падаткаў. Раней на яго наклалі вялікія штрафныя санкцыі з фармулёўкай “за парушэньні касавых апэрацый”. Падатковая служба спасылалася на тое, што кіроўцы ягоных таксовак здавалі выручку асабіста яму як уладальніку машын і таксомэтраў, а ня ў фірму “Ніка-транс”, дзе былі на ўліку. Маўляў, праз гэта ён не заплаціў цалкам падаткі з выручкі.

Аднак Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду нядаўна адмяніў усе рашэньні наконт спагнаньня штрафаў і накіраваў справу на новы разгляд. Гэта ўмацавала Аўтуховіча ў перакананьні, што ён не парушаў законаў. Для яго стала нечаканасьцю, што неўзабаве фінансавая міліцыя распачала супраць яго крымінальную справу і яго зь першага дня на час сьледзтва пасадзілі за краты. Прадпрымальнік адразу распачаў галадоўку пратэсту. З пачатку гэтага тыдня ягоныя калегі у Ваўкавыску, каб падтрымаць яго маральна, таксама пачалі галадаць.

***

Мікалая Аўтуховіча арыштавалі 14 кастрычніка ў Горадні. Яго абвінавачваюць ва ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму налічылі недаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.

Цяперашняя яго галадоўка — чацьвертая. Ён тройчы галадаў на волі, два разы яго падтрымлівалі кіроўцы, у акцыі ўдзельнічалі тады больш за 30 чалавек. Дагэтуль самай працяглай галадоўкай Аўтуховіча была 31-дзённая, якая адбылася сёлетняй вясною.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG