Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскі прэм''ер сустрэўся з кіраўнікамі СПБ, якіх не прызнае беларуская ўлада


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня прадстаўнікі непрызнаванага афіцыйным Менскам кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) сустрэліся ў Варшаве з прэм’ер-міністрам Польшчы Казімежам Марцінкевічам. Паводле словаў удзельнікаў сустрэчы, польскі прэм’ер запэўніў іх, што Варшава і надалей будзе падтрымліваць законна абранае кіраўніцтва Саюзу, а не праўладных абранцаў паўторнага зьезду.

Рэдактар часопісу “Magazyn Polski” Андрэй Пачобут, рэдактар газэты "Glos znad Niemna" Андрэй Пісальнік і кіраўнік гарадзенскай гарадзкой арганізацыі СПБ Мечыслаў Яцкевіч сустрэліся з прэм’ер-мінсітрам Польшчы Казімежам Марцінкевічам у другой палове дня ў польскім Сэйме.

Андрэй Пачобут кажа, што ў часе сустрэчы была абмеркаваная сытуацыя, у якой апынуўся СПБ. Гаварылі пра ўзмацненьне рэпрэсіяў супраць гэтай арганізацыі:

(Пачобут: ) “Мы атрымалі выразную дэклярацыю ад спадара Марцінкевіча аб тым, што тое, што было сказана ў часе перадвыбарчай кампаніі, застаецца актуальным. Польшча будзе, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі, і надалей падтрымліваць польскую нацыянальную меншасьць. Быў прыняты таксама шэраг рашэньняў”.

Спадар Пачобут заявіў, што ня можа пакуль расказаць, якая канкрэтна былі прынятыя рашэньні, але прызнаўся, што вынікам сустрэчы прадстаўнікі СПБ выразна задаволеныя.

(Пачобут: ) “Па-першае, гэта сыгнал для беларускіх уладаў, што Польшча працягвае падтрымліваць дэмакратычна абраныя ўлады СПБ на чале са спадарыняй Борыс. Па-другое, гэта важна для тых сяброў СПБ, якіх запалохваюць, спрабуюць вэрбаваць беларускія спэцслужбы, сыгнал аб тым, што пра іх не забыліся. Гэта ў цяперашняй сытуацыі вельмі важна”.

Заявіў беларускай "Свабодзе" Андрэй Пачобут.
XS
SM
MD
LG