Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладны саюз пісьменьнікаў узяў сабе назву з парушэньнем закону


Валер Каліноўскі, Менск Утвораны сёньня пры дапамозе ўладаў Саюз пісьменьнікаў Беларусі на чале з Мікалаем Чаргінцом узяў сабе назву, якая была пастаўленая па-за законам у 1996 годзе. Тады быў выдадзены адмысловы закон, паводле якога партыі і грамадзкія арганізацыі ня маюць права ў сваёй назьве ужываць слова “Беларусь”. Саюз пісьменьнікаў, іншыя арганізацыі і партыі вымушаныя былі мяняць свае назвы.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч мяркуе, што стварэньне альтэрнатыўнай пісьменьніцкай арганізацыі, ляяльнай уладам, можа выклікаць далейшы ціск на аб’яднаньне, якое ён узначальвае. Акрамя таго спадар Пашкевіч лічыць незаконнай спробу надаць новай арганізацыі назву “Саюз пісьменьнікаў Беларусі”:

(Пашкевіч: ) “Наколькі я ведаю, заканадаўствам Рэспублікі Беларусь забаронена ў назвах грамадзкіх аб’яднаньняў мець назву краіны. У 1996 годзе Саюз пісьменьнікаў Беларусі мусіў зьмяняць свой статут і пераназвацца Саюзам беларускіх пісьменьнікаў”.

Пісьменьніцкі саюз, які ўзначаліў Мікалай Чаргінец, хоча ўзяць сабе назву, якую амаль 10 гадоў таму улады адабралі ў арганізацыі, створанай у 1934 годзе, у якую ўваходзяць усе народныя пісьменьнікі Беларусі, усе ляўрэаты дзяржаўнай прэміі, усе пісьменьнікі-вэтэраны,– зазначыў Алесь Пашкевіч.

Ён перакананы, што тут узьнікла юрыдычная і маральная праблема:

(Пашкевіч: ) “Калі вэтэранам, калі народным пісьменьнікам і ляўрэатам дзяржпрэміі, якія аб’ядналіся ў творчую арганізацыю, забаронена называцца Саюз пісьменьнікаў Беларусі, а іншым гэтае права будзе дадзена...”

Вядомы беларускі юрыст Міхаіл Пастухоў мяркуе, што чыноўнікі хочуць паставіць праўладны саюз пісьменьнікаў у прывілеяванае становішча, зрабіўшы для яго выключэньне ў выкананьні закону аб назвах.

(Пастухоў: ) “Гэта дзеліць усе арганізацыі на любімыя і нелюбімыя ўладамі, “чэсныя” ці “нячэсныя”, свае і чужыя”.

На думку спадара Пастухова, такая прыкрая зьява ёсьць парушэньнем згаданага закону і артыкулу 14 Канстытуцыі, якія ўсталёўвае роўныя правы і магчымасьці для ўсіх арганізацыяў і суб''ектаў гаспадараньня.

А вось Іван Вашкевіч, старшыня Канфэдэрацыі творчых саюзаў Беларусі, які вітаў стварэньне новай пісьменьніцкай арганізацыі, заклікаў яе кіраўніка Мікалая Чаргінца дамагацца асаблівага дзяржаўнага статусу:

(Вашкевіч: ) “Ва ўмовах цяперашняй нашай маладой гісторыі статус яго павінен быць дзяржаўна-грамадзкі, і дамовіцца трэба творцам і ўладзе, як гэта павінна сумяшчацца, што вырашае грамада, на што дзяржава ўплывае. Бо без падтрымкі дзяржавы нічога ня будзе”.

Нагадаем, што беларускія ўлады дазволілі мець слова Беларусь у назьве ляяльнай Кампартыі Беларусі, а таксама Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

У апошнім выпадку гэта адбылося толькі пасьля таго, як фэдэрацыю перастаў узначальваць апазыцыйна настроены Ўладзімер Ганчарык, а ягонае месца заняў прадстаўнік уладаў – былы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Козік.
XS
SM
MD
LG