Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Neue Zuercher Zeitung”: Як далёка пойдзе Брусэль у беларускім пытаньні?


Алена Струвэ, Менск “Як далёка пойдзе Брусэль, калі афіцыйны Менск усё ж не прыме ягоных патрабаваньняў (чаго, дарэчы, і трэба чакаць)?” — піша швайцарская “Neue Zuercher Zeitung” у артыкуле, прысьвечаным далейшаму разьвіцьцю дачыненьняў з афіцыйным Менскам. Паводле выданьня, апошняя крытыка Брусэлю на адрас беларускага кіраўніцтва, заўвагі на тое, што рэжым ігнаруе дэмакратычныя прынцыпы, выклікала ў Менску і абурэньне, і непаразуменьне адначасна. Менскае кіраўніцтва зноў назвала Беларусь “ахвярай як Эўразьвязу, так і ЗША”.

Паводле выданьня, далёка ня ўсе заходнія палітыкі задаволеныя брусэльскай лініяй у дачыненьні афіцыйнага Менску.

Да іх належыць і Мэры Робінсан — некалі прэзыдэнт Ірляндыі, а цяпер віцэ-прэзыдэнт Мадрыдзкага клюбу, у рамках якога маюць сустрэчы былыя дзяржаўныя і ўрадавыя кіраўнікі. Спадарыня Робінсан заклікала Брусэль да больш энэргічнага ўмяшаньня ў беларускую сытуацыю, больш пільнай увагі да сытуацыі з правамі чалавека ў гэтай краіне.

Да барацьбы з рэпрэсіямі ў Беларусі заклікаў у часе свайго візыту ў Бэрлін намесьнік дзяржсакратара ЗША Дэніэл Фрыд. “Беларусь ёсьць апошняй дыктатурай Эўропы, яна мяжуе з Эўразьвязам. І ў гэтым рэгіёне палітычныя рэпрэсіі сваёй жорсткасьцю ўсё больш нагадваюць час СССР”, — заявіў Фрыд журналістам у амбасадзе ЗША ў Бэрліне. Паводле ягоных словаў, “гэта ёсьць трагедыяй для беларускага народу, Эўропа і Амэрыка павінны зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы гэтай краіне”.
XS
SM
MD
LG