Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нясьвіжы пахавалі Клаўдзію Шышыгіну-Патоцкую


Сяргей Абламейка, Прага Сёньня ў Нясьвіжы адбылося пахаваньне вядомай беларускай краязнаўцы Клаўдзіі Шышыгінай-Патоцкай. Яна памерла 17 лістапада на 70-м годзе жыцьця. Многім нашым слухачам вядомыя яе кнігі “Музы Нясьвіжа”, “Чорная дама Нясьвіскага замку” і іншыя.

Шмат гадоў яна выкладала беларускую мову ў школе і вывучала гісторыю роднага гораду, княскага роду Радзівілаў і іх замку. Тыя, хто наведваў замак у апошнія гады, мог бачыць каля брамы кніжны кіёск Шышыгінай-Патоцкай. Яна часта брала на сябе ролю добраахвотнага экскурсаводу.

Слова пра Клаўдзію Шышыгіну-Патоцкую гаворыць яе зямляк, старшыня Беларускага Краязнаўчага таварыства, якое цяпер чакае рэгістрацыі, Анатоль Бутэвіч:

(Бутэвіч: ) "Вы мне прынесьлі вельмі балючую вестку. Мне сумна перш за ўсё таму, што гэта мая зямлячка. Мы мелі кантакты, не скажу, што цесныя. Але тое, што гэты чалавек шмат зрабіў і для гісторыі Нясьвіжчыны, і для гісторыі Беларусі, гэта бясспрэчна. Яна, можа, адна з дасьледчыкаў-краязнаўцаў, хто займаўся гісторыяй Нясвіжчыны і глыбока, з захапленьнем, і магла рабіць гэта пастаянна.

Самае галоўнае, што яна дабівалася выданьня сваіх кніг. Калі я працаваў яшчэ ў сыстэме кнігавыданьня, я троху спрыяў ёй зь першымі выданьнямі, а далей усё пайшло як па масьле. Памятаю, яна прасіла мяне зьвесьці яе з Адамам Мальдзісам (што было зроблена), і ён яе таксама падтрымаў.

Яна добра апрацавала свой пласт гістарычнай і краязнаўчай літаратуры. Прычым, яна ня толькі папулярызавала гісторыю. У апошні час яна сама выдавала і сама прадавала свае кнігі. Яна таксама дасканала ведала гісторыю замку і, ня маючы на гэта ніякіх абавязкаў, добраахвотна вадзіла там экскурсіі. Я, часам, бачыў на свае вочы, як яна зачыняла кіёск і на просьбу школьнікаў, што прыехалі здалёк, вяла іх і расказвала пра замак так, як ніхто іншы ня мог расказаць.

Такіх ахвярных людзей, такіх знаўцаў свайго краю, што жадалі данесьці яго гісторыю да іншых, ня так шмат на месцах. Але не скажу, што іх няма, інакш бы не стварылася тое Краязнаўчае таварыства, якое мы цяпер арганізуем.

Так што, з аднаго боку, сьмерць Клаўдзіі Шышыгінай-Патоцкай – вялікая страта, і я выказваю спачуваньне родным і тым, хто яе ведаў. А зь іншага боку, спадзяюся, што тое, што яна зрабіла, ня згіне, не прападзе – яно будзе служыць, як пасеяная ніўка, для гадаваньня нашай беларускай моладзі".
XS
SM
MD
LG