Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе незалежная газэта “Народная Воля” друкавацца ў Беларусі?


Ганна Соусь, Менск Нягледзячы на ўчорашняе рашэньне Гаспадарчага суду Менску абавязаць друкарню “Чырвоная Зорка” друкаваць “Народную Волю” ў адпаведнасьці зь сёлетняй дамовай, пэўнасьці ў гэтым пытаньні дагэтуль няма.

У кабінэце галоўнага рэдактара “Народнай Волі” я засьпела намесьніка старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлу, які пісаў апэляцыйныя скаргі на ўчорашняе рашэньне Гаспадарчага суду, які не задаволіў патрабаваньні “Народнай Волі” да “Белсаюздруку” і “Менгарсаюздруку” аднавіць распаўсюд газэты. Гары Паганяйла лічыць рашэньні суду незаконнымі, паколькі, паводле яго, яны супярэчаць патрабаваньням Закону аб сродках масавай інфармацыі. І цяпер спадар Паганяйла хадайнічае, каб судзьдзя Нэлі Арлоўская зрабіла самаадвод, паколькі яна прыняла палітычна матываванае рашэньне.

Галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч распавёў Радыё Свабода, што яшчэ ўчора пералічыў на рахунак “Чырвонай Зоркі” 2 мільёны рублёў, і адразу пасьля суду паехаў у друкарню, дырэктар якой Ігар Маланяк паабяцаў яму сёньня раніцай даць адказ, калі “Народная Воля” можа аднавіць выхад на гэтым прадпрыемстве. Аднак сёньня, паводле Іосіфа Сярэдзіча, Ігар Маланяк спаслаўся на рашэньне суду, у якім агаворваецца, што апэляцыйная скарга можа быць пададзеная цягам 15 дзён. Прыкладна гэткі ж адказ даў пазьней Ігар Маланяк і Радыё Свабода.

(Карэспандэнтка: ) “Калі вы пачняце друкаваць “Народную Волю” ў адпаведнасьці з учорашнім рашэньнем суду?”

(Маланяк: ) “Рашэньне суду набывае моц праз 15 дзён”.

(Карэспандэнтка: ) “Праз 15 дзён будзеце друкаваць?”

(Маланяк: ) “Ага”.

(Карэспандэнтка: ) “А абскарджваць гэтае рашэньне будзеце?”

(Маланяк: ) “Думаем”.

Але вернемся ў кабінэт галоўнага рэдактара “Народнай Волі”. Прадстаўнік газэты ў судзе Гары Паганяйла ўпэўнены, што ўчорашняе рашэньне суду наконт друкарні “Чырвоная Зорка” ёсьць часткай загадзя распрацаванай стратэгіі зьнішчэньня “Народнай Волі”. Паколькі, паводле Гары Паганяйлы, улады ня хочуць, каб незалежная газэта друкавалася за мяжой.

(Паганяйла: ) “Перанос друкаваньня газэты на прадпрыемства, падкантрольнае выканаўчай уладзе, якое цудоўна разумее, што любая каманда ўладаў у дачыненьні да гэтага выданьня, будзе выкананая. А вось якраз расейскія суб’екты гаспадараньня ім не падпарадкоўваюцца”.

Шэф-рэдактар газэты Сьвятлана Калінкіна гэтаксама ня лічыць, што рашэньне суду аднавіць друкаваньне “Народнай Волі” ў “Чырвонай Зорцы” вырашыць праблемы незалежнай газэты.

(Калінкіна: ) “Дамова з друкарняй у нас заключана да канца году. А да канца году засталося крыху болей за месяц. Цяпер, як я разумею, друкарня будзе абскарджваць рашэньне. І ў найлепшым выпадку мы на адзін тыдзень у сьнежні зможам друкавацца ў Менску. А ніводзін суд ня можа прымусіць друкарню падпісаць з намі дамову на наступны год. Гэта два самастойныя суб’екты гаспадараньня. Учора ўсе справы разглядала адна і тая ж судзьдзя. Было вырашана згуляць у дэмакратыю і па адным пазове вынесьці рашэньне на карысьць “Народнай Волі”. Прынцыпова гэта ніяк сытуацыі не зьмяняе”.

Прадпрыемствы “Белсаюздрук”, “Менаблсаюздрук”, “Менгарсаюздрук” і друкарня “Чырвоная Зорка” ў аднабаковым парадку скасавалі з 1 кастрычніка дамовы на друкаваньне і распаўсюд “Народнай Волі”. Пасьля чаго газэта была вымушаная друкавацца за мяжой, у Расеі, і распаўсюджвацца праз падпіску і бясплатную раздачу. На мінулым тыдні прадпрыемства “Белпошта” не ўключыла “Народную Волю” ў падпісны каталёг на першае паўгодзьдзе 2006 году. Незалежнае выданьне зьвярнулася ў суд з пазовам, патрабуючы ад “Белпошты” ўключэньня ў каталёг.

21 лістапада ў Гаспадарчым судзе Менску адбудзецца разгляд пазову “Народнай Волі” да “Менаблсаюздруку”. Газэта патрабуе, каб гэтае прадпрыемства аднавіла распаўсюд газэты ў Менскай вобласьці.
XS
SM
MD
LG