Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца менчукі да магчымай забароны паленьня ў грамадзкіх месцах?


Севярын Квяткоўскі, Менск Цяпер забарона часткова дзейнічае: нельга паліць у навучальных установах і ўстановах аховы здароўя, некаторых парках адпачынку, шэрагу кавярняў, а таксама ў падземных пераходах. У плянах ураду — пашырэньне сьпісу месцаў, дзе забаронена паліць. Да такіх захадаў менчукі ставяцца па-рознаму. Большасьць згодныя, што з паленьнем трэба змагацца. Спрэчкі вядуцца пра спосабы барацьбы з тытунём. Што думаюць людзі ў Менску?

Я наўмысна зьвяртаўся да людзей, якіх заўважыў з цыгарэтай у руках. У цэнтры Менску можна пабачыць курцоў любога веку і сацыяльнага статусу: і бабульку, і школьніка, і бамжа, і чалавека ў дарагой вопратцы”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да таго, што могуць забараніць паленьне ў грамадзкіх месцах?”

(Спадарыня: ) “А калі больш няма дзе?”

(Студэнт: ) “Калі мне захочацца, я буду ісьці і паліць”.

(Пэнсіянэрка: ) “За адзін момант усе ж ня кінуць паліць!”

(Спадар: ) “Гэта кепска, гэта ўціск правоў тых, хто паліць, тым больш маюць залежнасьць ад гэтага”.

Ёсьць курцы, якія маюць у гэтым пытаньні іншую пазыцыю:

(Спадар: ) “Трэба зрабіць так”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж вы самі цяпер паліце...”

(Спадар: ) “Ну... Канечне, трэба паліць у спэцыяльных месцах — курылках”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ня будзеце адчуваць, што вашыя правы ўціскаюць?”

(Спадар: ) “А якая розьніца?”

Ёсьць курцы, якія ўсьведамляюць неабходнасьць абараніць ад тытунёвага дыму дзяцей — напрыклад, у парках адпачынку. Таксама некаторыя мяркуюць, што абмежаваньні дапамогуць залежным ад тытуню змагацца са сваёй шкоднай звычкай:

(Курсант міліцэйскай акадэміі: ) “Гэта будзе спрыяць масаваму кіданьню паленьня. Паліць хочацца, але калі абмяжоўваць... Напрыклад, у нас у акадэміі абмежаванае паленьне, таму менш выпальваеш. Калі за гэта будуць санкцыі ўводзіць, тады я буду паліць менш”.

І нарэшце, большасьць апытаных гатовыя прыняць абмежаваньні паленьня на вуліцы, калі будуць выкананыя пэўныя ўмовы:

(Спадарыня: ) “Калі будуць месцы для паленьня, можна туды хадзіць”.

(Хлопец: ) “Правільна тое, што трэба зьмяншаць колькасьць курцоў. Зь іншага боку, чалавек мае права на паленьне. Для гэтага трэба адвесьці спэцыяльныя месцы”.

(Карэспандэнт: ) “Вы будзеце бегаць шукаць гэтыя месцы?”

(Хлопец: ) “Іх мусіць быць столькі, каб чалавек ня бегаў і не шукаў”.

(Спадарыня: ) “Адносна тых, хто ня паліць, гэта справядліва — калі месцаў будзе дастаткова”.
XS
SM
MD
LG