Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павал Севярынец: “Уваходжу ў звычайны зімовы рытм штабялёўшчыка”


Вінцэсь Мудроў, вёска Малое Сітна Полацкага раёну На поўнач Беларусі прыйшла сапраўдная зіма. Гэта ўскладніла працу многіх, у тым ліку й работнікаў лясной гаспадаркі. Аднак брыгада Маласітненскага лесапункту, у складе якой працуе зьняволены за арганізацыю акцыяў пратэсту Павал Севярынец, па-ранейшаму выконвае даведзеныя нормы. У выніку Паўлу падвысілі заробак: за кастрычнік ён атрымае на рукі 186 тысяч рублёў.

Паўла я сустрэў ля інтэрнату – ён ішоў па сьнежным цаліку адзначацца ў камэнданта. Жыве ён у інтэрнаце яшчэ з трыма “хімікамі”, прычым пакой разьлічаны на двух чалавек, і ложкі стаяць практычна ўсутыч. Аднак, бытавыя праблемы, падобна, Паўла ня надта абыходзяць. Першае, што ён паведаміў мне пры сустрэчы, гэта пра падвышку свайго заробку, прычым, казаў пра гэта бязь ценю гіроніі.

(Севярынец:) “Працую ў другую зьмену. Сьнег зараз, натуральна, мокра ўсё навокал, але ж працуем, і нават выконваем даведзеныя нормы. Атрымаў разьліковы ліст за кастрычнік. У зьвязку з тым, што працую ў другую зьмену і ў брыгадзе, падвысіўся заробак, і даволі істотна: дзьвесьце тысячаў рублёў. На рукі атрымаю 186 тысячаў. Так што прыстойна пачаў зарабляць па тутэйшых мерках”.

Паўла па-ранейшаму не забываюць беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы. Да іхных візытаў тут ужо прызвычаіліся, аднак прыезд мінулай серады кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча стаўся для тутэйшых жыхароў ці не галоўнай падзеяй году. Кандыдат, між іншага, цікавіўся праблемамі рэгіёну і працай лесанарыхтоўчага комплексу.

(Севярынец:) “За гэты час прыяжджала некалькі чалавек. Гэта Мілінкевіч Алесь зь вялікай камандай, якая перапалохала ўсіх, хто быў на эстакадзе. Візыт зрабіў вялізнае ўражаньне, і пра яго тут толькі і размоваў. Прыяжджалі Ўладзімер Мацкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Алена Макоўская з “Бацькаўшчыны”, Павал Мажэйка. Багата лістоў прыходзіць, таму зараз адпісваю людзям; над кнігай працую. Карацей, уваходжу ў звычайны зімовы рытм штабялёўчыка”.

Адведваюць Паўла, хаця й зрэдку, і прадстаўнікі дэмакратычнага руху Полаччыны. Адзін зь іх, палачанін Ігар Папоў, зь якім мы разам ехалі ў цягніку, сказаў:

(Папоў:) “Я стала наведваю Паўла. Сёньня прывёз цёплыя рэчы, сёе-тое з харчоў. Але лічу, што яму зараз патрэбныя ня столькі цёплыя рэчы, колькі людзкая салідарнасьць. Думаю, што абарона дэмакратыі павінна пачынацца з абароны такіх людзей як Севярынец”.
XS
SM
MD
LG