Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа з рэфэрэндумам зрушылася зь месца, кажуць арганізатары (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Натарыюсы зноў пачалі афармляць подпісы патэнцыйных сябраў ініцыятыўнай групы ў справе рэспубліканскага рэфэрэндуму.

Пра гэта нашаму радыё 18 лістапада паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў. Нагадаем, што месяц таму міністар юстыцыі Віктар Галаванаў да спэцыяльнага ўказаньня забараніў сьведчыць праўдзівасьць подпісаў на адпаведных заявах грамадзянаў.

Валеры Фралоў лічыць, што аднаўленьне падрыхтоўкі да рэфэрэндуму стала вынікам актыўных дзеяньняў некаторых грамадзянаў, якія зьвярнуліся ў суды з пазовамі супраць Міністэрства юстыцыі Беларусі:

(Фралоў: ) “Працэс натарыяльнага сьведчаньня праўдзівасьці подпісаў асобаў, якія пажадалі працаваць у ініцыятыўнай групе, узнавіўся. Я ня ведаю, хто такое рашэньне прыняў, бо я зьвяртаўся са скаргай да прэзыдэнта, старшыні Канстытуцыйнага суду, генэральнага пракурора... Мабыць, справа ў тым, што некаторыя асобы, якія палічылі, што затрымка з боку Мін’юсту незаконная, зьвярнуліся з пазовамі ў суды”.

Паводле Валерыя Фралова, на сёньня ён мае 612 натарыяльна засьведчаных подпісаў. Ініцыятары хочуць давесьці іх колькасьць да 1500—2000. На рэфэрэндум плянуецца вынесьці тры пытаньні: пра дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства, адмену кантрактнай сыстэмы найму на працу і пра замарожваньне камунальных тарыфаў — да таго часу пакуль сярэдні заробак у краіне не дасягне 400 даляраў.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), сябрам ЦК якой зьяўляецца Валеры Фралоў, вырашыла падтрымаць гэтую ініцыятыву. І вось як тлумачыць гэтае рашэньне намесьнік старшыні партыі Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Нават калі ўлада ня дасьць магчымасьці правесьці рэфэрэндум, дык любы збор подпісаў, любы зварот да грамадзтва, зьвязаны з пэрспэктывай зьмены заканадаўства, з пэрспэктывай новых дэмакратычных мерапрыемстваў, для нас лічыцца станоўчым. Мы на калегіяльным органе партыі абмеркавалі, прыйшлі да высновы, што гэта карысна для дэмакратычных сілаў Беларусі. У любым выглядзе, у якім гэта мерапрыемства будзе праходзіць”.

Аднак ня ўсе апазыцыйныя палітыкі ставяцца да акцыі аптымістычна. Вось як лічыць намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Асабіста ў мяне стаўленьне скептычнае. Таму што праводзіць рэфэрэндум у нашай краіне, калі ўлада зноў усё выкруціць, бессэнсоўна. Фралоў хоча правесьці рэфэрэндум, каб зьмяніць выбарчае заканадаўства. Чаму яго трэба зьмяніць? Таму што фальсыфікацыі становяцца татальнымі. І тут Фралоў, як мне падаецца, трапляе на свой жа кручок: як зьмяніць выбарчае заканадаўства, якое дазваляе татальныя фальсыфікацыі? Гэта значыць, што і вынікі рэфэрэндуму могуць быць сфальсыфікаваныя. Таму мне здаецца, што ў гэтай справе ня ўсё так проста і трэба быць больш рэалістычным”.

У дзейнай Канстытуцыі тлумачыцца, што для правядзеньня рэфэрэндуму з ініцыятывы выбарцаў патрэбна сабраць подпісы ня менш як 450 тысяч грамадзянаў Беларусі. Да таго ж (і гэта таксама запісана ў Канстытуцыі), неабходна, каб у кожнай з шасьці абласьцей і ў Менску іх было ня менш за 30 тысяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG